Чароўная гісторыя на дзве дзеі
Ханс Крысціян Андэрсен
П’еса Юрыя Шчуцкага паводле аднайменнай казкі
Рэжысёр-пастаноўшчык: Уладзімір Савіцкі
Мастак-пастаноўшчык: Ларыса Рулёва
Кампазітар: Рыгор Уласюк
Харэограф: Яфім Фадзееў
Пераклад: Жаны Лашкевіч
Вершы: Янкі Лайкова
Шаноўныя дзеці!
Вы ўжо ведаеце столькі казак і чароўных гісторый, што вас і не здзівіш. Але ў тэатры іх не толькі расказваюць. Іх паказваюць, таму кожная знаёмая казка выглядае крыху незнаёмай. Усё залежыць ад Чараўніцы, якая ўзялася за справу. Наша тэатральная Чараўніца – добрая і спагадлівая, але патрабавальная і строгая. Вы гэта адразу заўважыце. Пра Дзюймовачку яна пачула ад сваёй бабулі, а тая ведала самога Ханса Крысціяна Андэрсена, казачніка, з якім размаўлялі расліны, жывёлы і птушкі. Аднойчы казачнік гасцяваў у доме, дзе пад страхой гнездзілася Ластаўка і ціліўкала птушанятам пра асабістае знаёмства з Дзюймовачкай. Казачнік распытаў птушку, пераказаў расповед знаёмым дзецям, а потым яшчэ і запісаў, каб такая файная гісторыя не забылася.
Шаноўныя дарослыя!
Ханс Крысціян Андэрсен захапляўся тэатрам з малых гадоў. Скрыню з лялькамі-марыянеткамі яму змайстраваў бацька, а Ханс Крысціян шыў лялькам сукні і пісаў для іх п’есы. У 14 гадоў ён выправіўся ў Капенгаген «каб зрабіцца знакамітым», і пачаў менавіта з тэатра – навучаўся вакалу і ў дробных ролях выходзіў на сцэну спяваць і дэкламаваць, а потым – таньчыць. «Троль – спадар Андэрсен», – было пазначана ў афішы да аднаго з балетаў…
Тэатр і людзі тэатра адыгралі свае адметныя ролі ў тым, што пісьменнік і драматург Андэрсен ператварыўся ў выбітнага казачніка, які не адзін раз паўтарыў сваім сучаснікам: «Я буду слугаваць мастацтву, толькі для гэтага я і жыву». Таму і не дзіўна, што тэатр і людзі тэатра захоплены ягонымі казкамі: «Снежнай каралевай», «Брыдкім качанём», «Крэсівам», «Алавяным жаўнерчыкам», «Пастушкай і камінарам», «Русалачкай»… І, вядома, «Дзюймовачкай». Гісторыяй пра матчыну любоў, якая вядзе па жыцці, бароніць і ратуе дзіця; гісторыяй пра дабрыню, якая спакваля, але моцна авалодвае сэрцамі.
«Дзюймовачка» зазнала шмат пастановак у тэатрах лялечных і драматычных, а таксама пераказаў у мультыплікацыі і анімэ. Адны пераказы блізкія да Ханса Крысціяна Андэрсена, у іншых цяжка пазнаць першакрыніцу – казку, вядомую з маленства ці не кожнаму еўрапейцу. «Дзюймовачка» абуджае і жывіць фантазію таго, хто намагаецца яе ўвасобіць для іншых, бо спалучае чароўнае і рэальнае, цудоўнае і шараговае, – дарэчы, як і ўсё тое, пра што пісаў Андэрсен.
Прэм’ера адбылася 22 кастрычніка 2016 года