Кандрат Кандратавіч Крапіва — вядомы беларускі паэт, празаік, драматург і вучоны, творчасць якога адзначае цэлую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры і, перш за ўсё, нацыянальнай драматургіі. Яго камедыі — выдатнае дасягненне беларускай сатырычнай літаратуры.
Камедыя «Хто смяецца апошнiм» з’яўляецца адной з лепшых сатырычных п’ес Кандрата Крапівы. Паставіць чалавека на месца, сарваць маску з невуча і пляткара, высмеяць падхалімства, баязлівасць, прыстасаўленства, паказаць якую шкоду грамадству і навуцы прыносяць кар’ерызм і дэмагогія — гэтаму прысвечана камедыя. Нягледзячы на тое, што п’еса Крапівы напісана ў 1939 годзе, ілжэвучоныя Гарлахвацкія, іх памагатыя Тулягі і Зёлкіны існуюць да гэтага часу, а сюжэт застаецца актуальным і ў нашыя дні.
Дзеянне спектакля адбываецца ў навукова-даследчым інстытуце. Супрацоўнік інстытута Туляга распавядае калегам — вядомаму вучонаму Чарнавусу і маладому навуковаму супрацоўніку Веры, — што мiнак на вуліцы прыняў яго за палкоўніка Падгаецкага, які калісьці служыў у белай арміі ў Варонежы. Спалоханы Туляга просіць нікому пра гэта не гаварыць. Але размову падслухоўвае пляткар Зёлкін і перадае яе дырэктару інстытута Гарлахвацкаму. Акрамя таго, ён распаўсюджвае слых пра тое, што новы рукапіс Чарнавуса атрымаў дрэнныя водгукі. Гарлахвацкі – невуч, які па блаце трапіў на пасаду дырэктара, — вырашае выкарыстаць сітуацыю ў сваіх інтарэсах. Але, Хто смяецца апошнiм?
Аўтарская група стваральнікаў спектакля:
Пастаноўка — лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Алег Кірэеў
Дэкарацыі і касцюмы — Дзмітрый Мохаў
Кампазітар — Валерый Воранаў
Харэаграфія — Наталля Фурман
Рэжысёр адноўленай версіі — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кашпераў
Ролі выконваюць:
заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кашпераў;
заслужаны артыст БССР, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мішчанчук;
заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Цярпіцкі;
заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Нарбекава;
заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ала Проліч.
Артысты тэатра і кіно: Анатоль Гур’еў, Вольга Дароніна, Уладзімір Іваноў, Дыяна Каржанец, Анжэла Караблёва, Віялета Крыванос, Сяргей Лапаніцын, Ягор Лёгкін, Лідзія Мардачова, Глеб Раманоўскі, Аляксей Сораў, Таццяна Фёдарава, Яна Хадановіч-Лапаніцына