Галерэя мастацтваў Леаніда Шчамялёва запрашае на выставу «Тваё імя — Жанчына», якая размясцілася ў залах асноўнай экспазіцыі.
Партрэт — асаблівы жанр у творчасці мастака, а жаночы партрэт — асобны сусвет, сатканы з цудоўных вобразаў. З пяшчотай, павагай, удзячнасцю і безумоўным каханнем Л.Д. Шчамялёў ствараў партрэты жанчын, якія займалі ў яго жыцці, бадай, галоўнае месца. Маці, жонка, тры прыгожыя дачкі былі вялікай, неад’емнай часткай жыцця мастака, яго чароўным садам, дзе можна знайсці адпачынак, пакой, радасць і прыгажосць. Толькі творчасць магла паспаборнічаць з імі за ўвагу Майстра.
Адным з акцэнтных у экспазіцыі з’яўляецца партрэт маці мастака Агаф’і Венедзіктаўны «Прысвячэнне маці» (1992 г.), у якім адчуваюцца пяшчота, смутак, спачуванне і настальгічныя ноткі. Агаф’я Венедзіктаўна па прафесіі была швачка. Менавіта за звыклым заняткам мы бачым яшчэ маладую, але вельмі стомленую жанчыну, якая зімовым вечарам, пры свеце газавай лямпы страчыць бясконцае палатно. І здаецца зусім неверагодным для таго часу букет руж у разгар зімы на простым працоўным стале, нібыта праз доўгія-доўгія гады працягнулася сыноўняя рука і паднесла маці кветкі ў знак бясконцай любові, удзячнасці і павагі.
Назіраючы за тым, як адна за адной падрастаюць яго дачкі, Леанід Дзмітрыевіч зрабіў неверагодную колькасць накідаў, замалёвак, якія пераўтварыліся потым у жывыя характарныя партрэты. З іх глядзяць на нас спачатку маленькія дзяўчынкі, потым дзяўчыны, потым прыгожыя квітнеючыя жанчыны. Маргарыта, Людміла і Анастасія — невычэрпныя крыніцы бацькоўскага натхнення.
Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў не раз казаў аб тым, што гатовы слова ў слова паўтарыць маналог, з якім Марк Шагал звяртаўся да жонкі Бэлы. Слова ў слова для сваёй жонкі Святланы: «Яе маўчанне — маё, яе вочы — мае. Нібыта яна ведае ўсё аб маім дзяцінстве, маёй сучаснасці, маёй будучыні, нібыта яна бачыць мяне наскрозь; нібыта яна заўсёды прыглядала за мной, дзесці побач са мной, хоць я ўбачыў яе ў самы першы раз. Я ведаў, што гэта яна, мая жонка». А яшчэ яна верны сябар, надзейны тыл і самая любімая мадэль, захапляцца якой мастак не пераставаў ніколі.
І няхай пралятаюць гады і цэлыя стагоддзі, бясконца адны пакаленні змяняюць другія, узнімаюцца на новыя вяршыні шалёныя віткі цывілізацыі, ніколі не перастане рухацца па палатну пэндзаль мастака, пакідаючы на ім адлюстраванне мілых сэрцу жаночых твараў.