- Время работы: серада — нядзеля 11:00 — 19:00
-
Вход:
7,00 руб. — для дарослых
5,00 руб. — для студэнтаў
3,50 руб. — для школьнікаў
- Инфолиния:
- Возрастное ограничение: 0+
7 мая 2026 года а 18-й гадзіне ў арт-гасцёўні «Высокае мѣста» адбудзецца адкрыццё рэтраспектыўнай выставы «Харошкі. Жыццё на сцэне», прысвечанай творчасці Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі».
Больш за паўстагоддзя таму адбылося першае выступленне новага беларускага харэаграфічнага ансамбля. «Бацькі» гэтага калектыву, харэографы Валянціна Гаявая і Мікалай Дудчанка, далі яму імя «Харошкі» ў гонар вёскі ў Магілёўскім раёне. Фальклор гэтых мясцін паслужыў падмуркам для першага танца ансамбля — «Гусарыкі».
Сёння «Харошкі» — гэта вядомы калектыў беларускай танцавальнай сцэны, які стварае свой рэпертуар на аснове аўтэнтычнага беларускага фальклору, прадстаўляючы народныя танцы, спевы, музыку і нацыянальны касцюм. Гэта не проста канцэртныя нумары, а тэатралізаваныя праграмы, што адлюстроўваюць нацыянальныя традыцыі і культуру. За пяцьдзесят з невялікім гадоў гледачы ўбачылі больш за 20 такіх праграм. Сярод іх: «Беларускі фальклор», «Па старонках «Полацкага сшытка»», «Тураўская легенда», «Бывай, ХХ стагоддзе!», «Бабруйскія карцінкі», «Беларусы», «Зімачка», «Вясна», «Жураўліны крык», «Ішлі салдацікі дамоў», «Жніво», «Масленка» і многія іншыя, што палюбіліся гледачам у розных краінах свету.
Упершыню ў музейнай прасторы шырокаму гледачу прадстаўлена маштабная выстава, дзе творчасць ансамбля «Харошкі» раскрываецца ва ўсёй паўнаце. Рэтраспектыўная выстава «Харошкі. Жыццё на сцэне» — гэта сінтэз сцэнічнага мастацтва і арт-асяроддзя, які дазволіць кожнаму дакрануцца да магіі танца. На выставе будуць прадстаўлены сцэнічныя касцюмы, абутак, аксэсуары розных гадоў, эскізы касцюмаў, музычныя інструменты, фотаздымкі, афішы і праграмкі канцэртаў, узнагароды калектыву, а таксама прадметы з асабістых архіваў артыстаў, што дазволяць зазірнуць за кулісы і даведацца больш пра іх працу. Таксама ў экспазіцыі будуць прадстаўлены экспанаты Дзіцячай студыі ансамбля «Харошкі».
Асаблівае месца ў экспазіцыі адведзена творчаму шляху заснавальніцы ансамбля «Харошкі», народнай артысткі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянціны Іванаўны Гаявой, якая ў гэтым годзе адзначае юбілей. Выстава дазволіць прасачыць эвалюцыю калектыву праз прызму жыцця і творчасці яго стваральніка.
Аўтарскія карціны і эскізы сцэнічных касцюмаў Аляксея Гаявога — мастака па касцюмах і мастака-пастаноўшчыка ансамбля «Харошкі» — паказваюць, як фарміраваўся візуальны стыль калектыву. Мастак працуе з матэрыяламі, колерамі і формамі, ствараючы выяву, якая існуе ў адзінстве з музыкай і рухам.
Выстава «Харошкі. Жыццё на сцэне» стане адкрыццём для аматараў мастацтва, прафесіяналаў харэаграфіі і ўсіх, хто цікавіцца культурай і гісторыяй танца, і дазволіць глыбей зразумець спадчыну ансамбля.
Экспазіцыя арганізавана пры ўдзеле Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Выстава працягне працу па 26 ліпеня 2026 года.
7,00 руб. — для дарослых
5,00 руб. — для студэнтаў
3,50 руб. — для школьнікаў