30 красавіка 2026 года ў 17:00 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20а, сяродкрыжжа) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Мікалай Байрачны. Скульптура. Да 75-годдзя майстра».
Выстава скульптуры Мікалая Байрачнага — шматграннага мастака, які працуе ў такіх напрамках, як кераміка, станковая скульптура, кніжная ілюстрацыя і мультыплікацыя — стане першай персанальнай выставай аўтара ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Рознабаковая экспазіцыя прадставіць аўтабіяграфічныя творы, натхнёныя гісторыямі жыцця продкаў мастака — прадзеда, дзеда і бацькі, а таксама казачныя пераасэнсаванні вобразаў дачкі, унука і ўнучкі Мікалая Іванавіча (цыкл «Калі феі былі маленькімі»). Асобная частка выставы прысвечана анімалістычнай скульптуры, выкананай у розных матэрыялах (мармур, бронза, граніт, сталь, сердалік, дрэва), створанай у сааўтарстве з майстрам Юрыем Гудзіновічам.
Кожная скульптура — гэта гісторыя або вобраз, у якім закладзены дадатковыя сэнсы і мастацкія асацыяцыі.
Усе творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, з’яўляюцца ўласнасцю аўтара.
Выстава будзе экспанавацца па 25 мая 2026 года ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 24, 4 паверх, зала 3).