- Время работы: ср-вс с 11:00 до 19:00; пн, вт — выходной день
-
Вход:
Взрослые — 5,00 руб.
Студенты — 4,00 руб.
Школьники — 3,50 руб.
- Инфолиния:
Музей гісторыі горада Мінска і Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашаюць у Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага на выстаўку «Фальварка страчанага памяць: Камкі-Янаўшчына, 1911–1913 гг.». Выстава пачынае работу 17 красавіка 2026 года.
Выставачны праект знаёміць з унікальным фотаархівам уладальнікаў фальваркаў Камкі і Янаўшчына ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні (цяпер — Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласць). Фотаздымкі зроблены ў 1911–1913 гг. і адлюстроўваюць штодзённасць прадстаўнікоў мяшчанскага саслоўя пачатку ХХ стагоддзя на прыкладзе адной сям’і.
У аб’ектыве фатографа — сядзібны дом з мезанінам, гаспадары, што адпачываюць на прыродзе ці за святочным сталом: элегантныя жанчыны ў карункавых блузах і шаўковых хустках, мужчыны ў касцюмах еўрапейскага ўзору і накрухмаленых кашулях з каўнерам-стойкай. Гэта ідылічная пастараль апошніх мірных гадоў напярэдадні Першай сусветнай вайны і рэвалюцыйных падзей.
Гаспадар фальваркаў Фёдар Фаміч Крыцкі нарадзіўся ў вёсцы Вішкавічы Смалянецкай воласці Лепельскага павета. У маладыя гады ён працаваў на бровары, які належаў памешчыку Валадковічу — аднаму з найбуйнейшых землеўладальнікаў павета. У канцы ХІХ стагоддзя Крыцкі арандуе фальварак Камкі, які належаў дваранам Студзінскім, а ў пачатку ХХ стагоддзя, пасля атрымання дазволу губернскага праўлення, набывае яго ва ўласнасць разам з засценкам Янаўшчына.
Па звестках Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта за 1905 год, ва ўласнасці Фёдара Фаміча Крыцкага знаходзілася 136 дзесяцін прыдатнай зямлі і 272 дзесяціны лесу ў двух маёнтках — Камкі і Янаўшчына. Гаспадарка налічвала 20 коней, 50 кароў і валоў. Гэта адна з найбуйнейшых мяшчанскіх гаспадарак Лепельскага павета, нават большая за палову дваранскіх маёнткаў. Пры фальварку было возера Хоцькаўшчына, на беразе якога сям’я Крыцкіх любіла адпачываць, што адлюстравана на фотаздымках. На землях маёнтка працавалі сяляне навакольных вёсак Баяры, Пугачы, Камкі ў абмен на магчымасць карыстання сенажаццю і лесам. Частка фотаздымкаў прысвечана гэтым сезонным клопатам.
У Фёдара Фаміча Крыцкага было некалькі дзяцей: сыны Пятро, Люцый і Мечыслаў, дочкі Вікторыя і Марыя. Менавіта муж Вікторыі, Ежы Карвоўскі, з’яўляецца аўтарам большасці фотаздымкаў калекцыі. Ён не толькі фіксаваў жыццё сям’і ў 1911–1913 гг., але і аформіў альбом з уласнымі працамі. У фальварку Янаўшчына для маладой сям’і была пабудавана новая сядзіба, выяву якой таксама можна ўбачыць на выставе.
Взрослые — 5,00 руб.
Студенты — 4,00 руб.
Школьники — 3,50 руб.