13 лютага 2026 года а 17-й гадзіне ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у зале № 2 адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта «Шчасцю — быць!», прысвечанага 110-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Натана Майсеевіча Воранава (1916-1978).
У экспазіцыі прадстаўлена каля 50 жывапісных твораў з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў і збору сям’і Натана Воранава. Жанравы склад выставачнага праекта — партрэты, пейзажы і нацюрморты, намаляваныя майстрам на працягу 1950-х — 1970-х гг.
Творчасць Натана Воранава, выдатнага савецкага беларускага жывапісца, выпускніка Віцебскага мастацкага тэхнікума і Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна, вучня таленавітых І. Ахрэмчыка, Ф. Фогта, А. Асьмëркіна, С. Абугава, займае дастойнае месца ў нацыянальным мастацтве ХХ стагоддзя.
З аднаго боку, жывапісец працаваў у кантэксце сацрэалізму, прытрымліваючыся асноўных догмаў гэтага «адзіна дакладнага метаду», займаў актыўную грамадскую пазіцыю. Пры гэтым творчая спадчына Натана Воранава — з’ява асобная, нечаканая і ў нечым парадаксальная, якую складана ў поўнай меры вызначыць як артэфакт мінулай эпохі.
Натан Воранаў з’яўляўся мастаком абсалютнага жывапіснага слыху. Для яго, па сутнасці, было не прынцыповым, што маляваць: перадавікоў вытворчасці, даярак, завадскія трубы, гістарычныя сюжэты або летнюю спёку, халодную пякучую зіму, дзіцячыя вобразы, інтэр’ер уласнай майстэрні… Прынцыповым было «як» гэта зрабіць. Яго каляровая стыхія палотнаў зачароўвае і прываблівае. Думаецца, што менавіта ў жанрах партрэта, пейзажа і асабліва нацюрморта, асноватворным застаецца ўнутраны, сімволіка-паэтычны змест мастацтва Натана Воранава. Менавіта ў гэтых «малых» жанрах жыве душа мастака і праз іх трансліруецца самае важнае адчуванне, якое сыходзіць ад сілы асобы Натана Воранава — шчырае захапленне жыццём. Нібы кожны раз, стоячы перад чыстым палатном, ён робіць выбар на карысць жыцця. Прыступаючы да працы, кожны раз, як бы ўнутрана кажа сабе: шчасцю — быць!
Натан Майсеевіч Воранаў
Нарадзіўся 19 мая 1916 года ў Магілёве, у сям’і мастака. Бацька выкладаў у мясцовай школе, маляваў шыльды і партрэты.
З 1931 па 1934 гг. вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме ў І.В. Ахрэмчыка (1903-1971) і Ф.А. Фогта (1889-1939).
З 1933 г. пачаў прымаць удзел у выставах.
У 1934 г. выкладаў жывапіс і малюнак у школах № 3 і № 20 у Магілёве.
У 1935 г. быў уведзены IV курс навучання ў Віцебску, і мастак працягнуў там вучобу.
У 1936 г. у ліку лепшых вучняў накіраваны ў Ленінград на падрыхтоўчае аддзяленне пры Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна.
1937-1941; 1946-1948 гг. — вучоба ў Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна ў А.А. Асьмëркіна (1892-1953), С.Л. Абугава (1877-1950).
Восенню 1941 г. пайшоў на фронт. Камандаваў батарэяй 45-міліметровых супрацьтанкавых гармат на Паўднёва-Заходнім фронце. У 1942 г. у баях пад Харкавам атрымаў цяжкае раненне. Быў камандзірам узвода разведкі 77-га артылерыйскага палка 248-й стралковай дывізіі на 4-м Украінскім фронце. У лютым 1945 г. яшчэ раз цяжка паранены.
У 1946 г. — дэмабілізаваны з Савецкай Арміі.
За заслугі перад Айчынай быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» і яшчэ шэрагам урадавых узнагарод.
У 1948 г. з поспехам абараніў дыпломную працу «Рэйд Каўпака» (кіраўнік — прафесар С. Абугаў). Карціне прысуджана 3-я прэмія на Усесаюзнай выставе, прысвечанай 30-годдзю УЛКСМ (Масква, РСФСР).
З 1949 г. жыў у Мінску.
З 1949 г. — член Саюза мастакоў БССР.
1963-1965 гг. — выконваў абавязкі старшыні Саюза мастакоў БССР.
1966-1978 гг. — выкладаў на кафедры малюнка і жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Сярод яго вучняў: У. Тоўсцік, Г. Баранаў, І. Грынберг, А. Сухан, У. Уродніч і інш.
1966 г. — удастоены звання «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР».
З 1967 г. пабываў у творчых паездках за мяжой у Бельгіі, Італіі, Нідэрландах, Францыі.
1970 г. — атрымаў званне дацэнта кафедры жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.
Працаваў у станковым жывапісе ў галіне сюжэтна-тэматычнай карціны, лірычнага і індустрыяльнага пейзажа, партрэта, нацюрморта.
Памёр 3 сакавіка 1978 г. Пахаваны на Паўночных могілках (Мінск).
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў,
Музеі гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, а таксама прыватных зборах Беларусі і замежных краін.
Куратар праекта: вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ-ХХI стст. Наталля Сяліцкая.
Сакуратар: малодшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ-ХХI стст. Марыя Волас.
Выстава працуе да 20 красавіка 2026 г.