Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
Праект «Кола года».
Выцінанка — беларускае традыцыйнае мастацтва фігурнага выразання з паперы і тканіны, якое мае даўнюю і самабытную гісторыю на нашай зямлі. У 2024 годзе беларуская выцінанка была ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
21 лістапада ў Літаратурным музеі распачне працу выстава аўтарскіх выцінанак Кацярыны Масэ.
Кацярына Масэ — мастачка, паэтка, мовазнаўца з Мінска. Займаецца выцінанкай каля шасці гадоў. Працы Кацярыны — гэта плод сінтэзу старажытных сэнсаў і стылістыкі з сучасным бачаннем і эстэтыкай. Яна стварае як класічныя карціны ў тэхніцы выцінанкі, так і вялікафарматныя выцінаныя палотны.
«Выцінанка — гэта мастацтва з глыбіні паперы. Кожны прарэз — нібы акенца, партал у чароўны свет. Разам яны ўтвараюць надзвычайны ўзор-тэкст. Ён апавядае пра зямлю і неба, пра карані і святло далёкай галактыкі, пра цвіценне веснавога саду і шлях да Вечнага і Прыгожага.
Ствараючы выцінанку, ты не ведаеш дакладна, што ў цябе атрымаецца ў выніку! Што выявіцца перад табою, калі ты нарэшце разгорнеш складзены аркуш? Кожны вобраз — нечаканасць, таямніца. Акурат як у жыцці!
Калісьці папера была для мяне проста паперай, а нажніцы — проста нажніцамі. Сёння гэта — магчымасць «прарэзаць» заслону штодзённасці і паглядзець: а што там — па той бок звычайнага аркуша?» — так распавядае пра сваю творчасць Кацярына Масэ.
Запрашаем усіх жадаючых на адкрыццё выставы 21 лістапада ў 18:30. Уваход вольны.
Выстава будзе працаваць па 29 студзеня 2026 г.