- Время работы: серада-нядзеля: 11:00 — 19:00
-
Вход:
Кошт уваходнага білета — 3,00 руб., ільготнага білета — 1,00 руб.
- Инфолиния:
- Возрастное ограничение: 0+
16 кастрычніка (чацвер) 2025 года ў мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» у 18:00 адбудзецца адкрыццё выставы «Традыцыі і сучаснасць: у адной лодцы».
Вобраз лодкі/карабля ў творах мастацтва фарміруе насычанае семантычнае поле. Лодка прачытваецца як сімвал надзеі на выратаванне, як калыска ў якой зараджаецца жыццё, як «транспарт» які злучае свет жывых і памерлых. Выстаўка «У адной лодцы» з праекту «Традыцыі і сучаснасць» паказвае разнастайнасць вобразнай інтэрпрэтацыі матыву лодкі ў ракурсе беларускага мастацтва як прафесійнага так і інсітнага.
Важную частку экспазіцыі складаюць музейныя экспанаты — маляваныя дываны Паўла Яўхімавіча Марціновіча (1911–1981) з фондаў Любанскага музея народнай славы. Павел Марціновіч (нарадзіўся і жыў у вёсцы Засмужжа Любанскага раёна) пачаў маляваць дываны яшчэ ў 1930-я гады, але найбольш запатрабаванымі яго работы сталі ў пасляваенны час: узнаўляліся разбураныя вёскі, людзі прагнулі прыгажосці і мроілі аб светлай будучыні. Найбольшай папулярнасцю ў замоўцаў карысталіся дываны з «лодкай», якія Павел Яўхімавіч ствараў у некалькіх адпрацаваных варыяцыях. Інсітны мастак у сваіх працах здолеў стварыць уласны фантастычны свет з персанажамі і законамі быцця.
Як прыклад сучаснага маляванага дывана ў экспазіцыю ўключаны твор Народнага майстра Рэспублікі Беларусь Вольгі Пілецкай, якой яна адмыслова падрыхтавала да выстаўкі.
Шматграннасць сэнсавага напаўнення выставе надаюць жывапісныя працы сучасных беларускіх прафесійных мастакоў. Напісаныя пад натурнымі ўражаннямі карціны з вадаёмам і лодкамі, як натуральнай часткай беларускага краявіду прадставілі Юлія Мацура і Антон Вырва. Праз фільтры аўтарскага дэкаратыўнага бачання вобраз лодкі/карабля ў ландшафце паказаны Васілём Матусевічам і Андрэем Карпянковым. Сімвалічнасць вобраза лодкі, як «каўчэга» з самым каштоўным для чалавека мы можам знайсці ў фантастычных творах Анатоля Концуба.
Падчас выставы пройдуць тэматычныя лекцыі і сустрэчы. Кожны глядач экспазіцыі таксама можа паспрабаваць сабе ў якасці мастака і стварыць памятную паштоўку з лодачкай.
Выстава працуе з 16 кастрычніка па 16 лістапада 2025 г.
Кошт уваходнага білета — 3,00 руб., ільготнага білета — 1,00 руб.