Прэзентацыя выставы фатаграфіі Вячаслава і Таццяны Алешка «Пад крылом Страцім-лебедзя» 30 верасня 2025 года, а 18-й гадзіне, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.
Выстава «Пад крылом Страцім-лебедзя» прысвечана птушкам у паэзіі Максіма Багдановіча і прэзентуе мастацкія фатаграфіі Вячаслава і Таццяны Алешка, прадстаўнікоў адной з вядомых дынастый фатографаў Беларусі.
Вершы Максіма Багдановіча даюць магчымасць разнастайнага прачытання, а вобразы птушак, якія сустракаюцца ў творчасці паэта — гэта і частка беларускай прыроды, і ўвасабленне лірычнага героя, і сімвалы роднага краю.
Вячаслаў Алешка (1939 — 2018) — адзін з першапраходнікаў сярод беларускіх фатографаў дзікай прыроды, аўтар сямі кніг пра прыроду і фотаальбомаў. Першая кніга «С любовью к природе» выйшла ў 1977. Фотаальбомы «Спатканне з лесам» (1985), «Наедине с природой» (1996), «Беларусь запаведная» (2007) прынеслі аўтару славу фотамайстра, які глыбока і паэтычна адлюстраваў прыгажосць роднай прыроды. Разнастайныя пейзажы, карціны фотапалявання, знятыя ў розных кутках Беларусі, неаднаразова дэманстраваліся аўтарам на выставах (Полацк, Горадня, Брэст, Віцебск, Магілёў, Слуцк, Салігорск, Клецк, Рэчыца, Баранавічы, Мінск, Вільнюс), публікаваліся ў альбомах, часопісах, календарах, буклетах.
Таццяна Алешка — фатограф-анімаліст, чалец Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі. Сур'ёзна займацца фатаграфіяй пачала толькі ў 2018 годзе, а ўжо ў 2024 годзе адбылася яе персанальная фотавыстава ў Рускім музеі фатаграфіі (Ніжні Ноўгарад).
Яна фатаграфуе жывёл не толькі ў Беларусі, але і падарожнічае па ўсім свеце, каб убачыць і захаваць моманты жыцця прыроды. Таццяна працягвае справу бацькі, ужываючы назапашаны досвед для папулярызацыі прыроды і прыцягнення ўвагі да няўстойлівай раўнавагі ў адносінах чалавека і жывёльнага свету.