- Время работы: серада — нядзеля, 11:00 — 19:00
-
Вход:
6,00 руб. — для дарослых
4,00 руб. — для студэнтаў
3,00 руб. — для школьнікаў
- Инфолиния:
- Возрастное ограничение: 0+
26 верасня 2025 года а 18-й гадзіне ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбудзецца адкрыццё выставы мазаікі і вітража навучэнцаў і выкладчыкаў студыі HomоFaber «Па канонах прыгажосці».
Выстава «Па канонах прыгажосці» — гэта другі і маштабны праект студыі HomoFaber. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 80 работ, зробленых у адзіным экзэмпляры. На выставе можна ўбачыць не толькі класічныя мармуровыя мазаікі, створаныя ў тэхніцы opus tesselatum (выявы, складзеныя «квадрацікамі»), але і мазаікі, зробленыя ў іншых стылістыках з ужываннем больш разнастайных матэрыялаў: шкло, неапрацаваны натуральны камень. Акрамя таго, на выставе прадстаўлены і выдатныя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: люстэркі, сталешніцы. Такія вырабы здольны выконваць у інтэр’еры мінімум дзве задачы — утылітарную і эстэтычную, упрыгожваючы сабой звыклую бытавую прастору. Таксама ў экспазіцыі ўпершыню прадстаўлены вітражы Ціфані, створаныя ў рамках спецыяльнага курса. Іх паказ — вялікая рэдкасць для сучасных выставачных пляцовак не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
HomoFaber — гэта першая школа мазаікі і вітража ў Беларусі. Лацінская назва абрана не выпадкова. Назва студыі вельмі дакладна адлюстроўвае каштоўнасці і ідэі, якія транслюе: HomoFaber — чалавек-творца. Творчасць з’яўляецца неад’емнай часткай асобы, праз творчасць чалавек спазнае сябе, пераглядае свае перакананні, здабывае новыя сэнсы, нібы ўвесь час дабудоўвае сябе. Менавіта таму лагатып студыі — сабранае з асобных каляровых элементаў чалавечае сэрца.
Студыя HomoFaber займаецца папулярызацыяй рэдкіх і аўтэнтычных відаў мастацтва — мазаікі і вітража, і імкнецца да таго, каб кожны, хто калі-небудзь быў уражаны гульнёй колераў на мазаічных сценах сабораў або чароўнымі блікамі вітражоў, меў магчымасць дакрануцца да гэтага адчування яшчэ раз праз стварэнне свайго ўласнага ўнікальнага вырабу.
У студыі займаюцца і прафесійныя мастакі, выкарыстоўваючы магчымасць пашырэння сваёй аўтарскай мовы праз працу з новымі матэрыяламі, і тыя, хто ніколі раней не падступаўся да творчых заняткаў: лекары, выкладчыкі, праграмісты, псіхолагі і іншыя прадстаўнікі розных прафесій. Гэта робіць экспазіцыю яшчэ больш кранальнай, як сімвал праяўлення творчага патэнцыяла кожнай асобы.
Спадзяемся, што выстава «Па канонах прыгажосці» стане месцам візуальнай перазагрузкі і адпачынку. Магчыма, знаёмства з гэтым яскравым, неверагодна прыгожым праектам выклікае натхненне на творчасць у гледачоў!
Выстава працягнецца да 26 кастрычніка 2025 года.
6,00 руб. — для дарослых
4,00 руб. — для студэнтаў
3,00 руб. — для школьнікаў