4 жніўня 2025 года ў 18:00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачала сваю працу часовая экспазіцыя з фондаў музея «Жахлівая прыгажосць», прысвечаная культуры пасмяротных масак.
Імкненне захаваць вобраз памерлага знаходзіла праяву ў розныя часы і ў розных культурах, але за кожнай традыцыяй стаяла разуменне непазбежнасці знікнення цела і, асабліва, твару, як найвыразнейшага ўвасаблення рыс індывіда.
Традыцыя стварэння пасмяротных масак сыходзіць сваімі каранямі ў Старажытны Егіпет. Пасмяротныя маскі рабілі таксама і рымляне. Элінізаваны на зломе эпох Старажытны Усход замяніў маскі маляўнічымі партрэтамі.
У Еўрапейскіх манархія традыцыя здымаць пасмяротныя маскі з'явілася не раней канца XIV стагоддзя, а ў Расіі пасмяротныя маскі сталі папулярнымі толькі ў часы праўлення Пятра Першага.
У савецкі час традыцыя стварэння пасмяротных масак з асоб шматлікіх чальцоў Палітбюро ЦК КПСС і іншых важных асоб Савецкага пантэона ўлады, навукі і культуры не знікла.
Дакладнай інфармацыі, калі традыцыя стварэння пасмяротных масак з'явілася на тэрыторыі беларускіх земляў і як яна развівалася, на жаль, у адкрытым доступе няма. Выбудаваць іерархію беларускіх скульптараў, якія прыклалі сваю руку да гэтага далікатнага віду скульптуры, дастаткова складана. Хоць ва ўсім свеце пасмяротныя маскі адназначна ставяцца да разраду мастацтва, а не да простага рамяства, многія беларускія скульптары ўсё яшчэ не афішуюць сваё дачыненне да стварэння пасмяротных масак.
На часовай экспазіцыі «Жахлівая прыгажосць» наведвальнік атрымае магчымасць пабачыць пасмяротныя маскі дзеячоў культуры Беларусі аўтарства вядомых беларускіх скульптараў з фондаў музея Якуба Коласа, Нацыянальнага мастацкага музея, музея Янкі Купалы, Бягомльскага музея народнай славы, музея-майстэрні Заіра Азгура і прыватных фондаў Т.Бембель і А.Сінькевіч.
Сардэчна запрашаем!