- Время работы: понедельник, среда, пятница — воскресенье с 11:00 до 19:00; четверг с 13:00 до 21:00; вторник — выходной день
-
Вход:
10,00 руб.
24 красавіка 2025 года а 17 гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (галоўны корпус, сяродкрыжжа) адкрываецца выстава Лізаветы Пастушэнка «Лабірынты памяці».
«Лабірынты памяці» — гэта першы выставачны праект Лізаветы Пастушэнка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 30 твораў, выкананых у розных тэхніках графікі, у тым ліку змешанай з выкарыстаннем такіх матэрыялаў, як сепія, сангіна і соус.
Лізавета Анатольеўна Пастушэнка нарадзілася ў 1982 годзе ў Мінску.
Скончыла дзіцячую мастацкую школу № 1 імя В.К. Цвірко, Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Графіка» (2008).
З 2008 года Л.А. Пастушэнка з’яўляецца членам грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў» (секцыя графікі) і выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на кафедры малюнка. У 2014 годзе Лізавета становіцца загадчыкам падрыхтоўчага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэмі імастацтваў.
З 2005 года — актыўны ўдзельнік і пераможца рэспубліканскіх і міжнародных праектаў, мастацкіх выстаў і пленэраў, сярод якіх: «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» (2015–2023), «Арт-Мінск» (2018–2024), «Арт-Панарама» (2016, Гродна), «Viva Kola Art» (2023, 2024, Мінск), выстава намінантаў на Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва (2023, Мінск), «Станковая і кніжная графіка ХХ–ХХI стст.» (2023, Мінск). Удзельнік міжнародных праектаў, рэалізаваных пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонда гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельнкаў СНД: пленэр і выстава «Здраўнёва ў асобах і лёсах», прысвечаны 175-годдзю І.Я. Рэпіна (2019, Віцебск), графічны пленэр і выстава «Масты» (2021), Санкт-Пецярбургская дзяржаўная мастацка-прамысловая акадэмія імя А.Л. Штыгліца, Санкт-Пецярбург). Удзельнік выставы, прысвечанай 500-годдзю першага выдання паэмы «Песня пра зубра» (2023, Мінск).
Поруч з выставачнай дзейнасцю Лізавета Пастушэнка прымае ўдзел у афармленні мастацкіх кніг і навучальных дапаможнікаў у дзяржаўных выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Літаратура і мастацтва». Сяродвыданых кніг: «Золотая яблонька» (2007), «Минск и ворон. Париж и призрак» (2010), «Крынічка Буль-Буль» (2010), «Нам засталася спадчына» (2011).
Лізавета Пастушэнка актыўна супрацоўнічае з Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм». У якасці мастака-постаноўшчыка і мастака па фонах працавала на анімацыйных фільмах «Сороконожка» (2011), «Быхаў» (праект «Аповесць мінулых гадоў. Гербы», 2012), «Вясна ўвосень» (2014), «Песня жаворонка» (2015), «Гуслі» (2019), «Азбука опасностей — 2» (2020), «Мемориальные памятники Беларуси. Прорыв» (2024).
Графічныя творы Л.А. Пастушэнка знаходзяцца ў філіяле Віцебскага абласнога краязнаўчага музея «Музей-сядзіба І.Я. Рэпіна «Здраўнёва», Светлагорскай мастацкай галереі «Традыцыя» імя Г.М. Пранішнікава, музейным фондзе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, музеі Свята-Успенскага Жіровіцкага манастыра, Набярэжначалнінскай карціннай галере імя Г.М. Хакімавай (Рэспубліка Татарстан, Расія), прыватных калекцыях Расіі, Германіі, Францыі, Польшчы, Іспаніі і іншых краін.
Выстава «Лабірынты памяці» будзе экспанавацца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з 17 красавіка па 25 мая 2025 года.
10,00 руб.