- Время работы: Понедельник, среда, пятница–воскресенье с 11:00 до 19:00, четверг с 13:00 до 21:00, вторник — выходной
З 3 лістапада 2024 года ў галоўным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь працуе выстава навучэнцаў мастацка-адукацыйнай студыі «У госці да Цюбіка» «Малюем у карціны».
Дзеці прыходзяць у музей разам з бацькамі. Яны прывыклі да актыўнай інфармацыі, да хуткай змены карцінкі. Рытм у музее зусім іншы. Каб зразумець, аб чым гаворыць з намі мастацкі твор, трэба спыніцца, задумацца, прыгледзецца. Гэта — работа, гэтаму трэба вучыцца.
Галоўная мэта студыі «У госці да Цюбіка», у якую прыходзяць дзеці з бацькамі, — гэта навучыць дзіця быць удумлівым гледачом. Для гэтага трэба настроіцца, засяродзіцца, задумацца, шмат ведаць. Гэта і мова выяўленчага мастацтва, і сусветная міфалогія, і хрысціянскія гісторыі. Але асабліва расслабляе дзяцей, настройвае іх на творчы лад, на зносіны з арыгіналам магчымасць размясціцца ў карціны і стварыць свой твор, на які натхняе музейны экспанат.
Дзеці ўлоўліваюць каляровыя суадносіны, кампазіцыю, асноўны канфлікт узаемаадносін, эстэтыку твора, эмацыйны лад. Навыкі ў дзяцей рознага ўзросту адрозніваюцца, але шчырасць успрымання захоўваецца ў любым узросце. Твор, які яны малявалі, яны лепш памятаюць, лепш разумеюць.
Мастацка-адукацыйная студыя «У госці да Цюбіка» створана ў 1991 годзе. Першыя яе навучэнцы ўжо прыводзяць на заняткі сваіх дзяцей. У 2005 годзе адбылася выстава работ студыйцаў у Дзяржаўнай Траццякоўскай гелерэі ў парадку абмену формамі работы ў музее з дзецьмі. У 2006 годзе студыя атрымала званне народная, якое з поспехам увесь час пацвярджала.
Куратор выставы — старэйшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы, кіраўнік народнай мастацка- адукацыйнай студыі «У госці да Цюбіка» Брыгадная Вольга Яўгенаўна.
Выстава будзе працаваць да 19 лістапада 2024 года.