- Время работы: вт. — вс. 10:00 — 18:00
- Инфолиния:
28 лістапада 2024 года а 15-й гадзіне ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі (г. Гродна, вул. Замкавая, 20 (Новы замак, Сенатарская зала) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Беларускі народны: код нацыянальнай якасці. Шэдэўры народных мастакоў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь».
У год святкавання 85-гадовага юбілею Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў падарунак — маштабны перасоўны праект, прысвечаны народным мастакам Беларусі, сярод якіх ёсць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.
Прэм’ерная прэзентацыя праекта адбылася ў Мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах — горадзе, які ў 2024 годзе атрымаў статус «Культурная сталіца года». Выстава з поспехам прайшла ў філіяле «Мастацкі музей» Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.
Прадстаўлены ў Год якасці, такі праект дае магчымасць пазнаёміцца па-за межамі арт-пляцоўкі краіны з творчасцю мастакоў, творы якіх па праве лічацца класікай і эталонам беларускага выяўленчага мастацтва ХХ — пачатку ХХІ ст. У 2025 годзе праект змогуць ацаніць жыхары Магілёва, што стане знакавай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі.
Ганаровае званне «Народны мастак БССР» і «Народны мастак Беларусі» маюць мастакі, творчасць якіх прадстаўляе сабой «залаты фонд» выяўленчага мастацтва Беларусі. У рамках перасоўнага выставачнага праекта Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у Гродна будзе прадстаўлена больш за 40 твораў жывапісу, графікі, скульптуры Заіра Ісакавіча Азгура, Івана Восіпавіча Ахрэмчыка, Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі, Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі, Валянціна Віктаравіча Волкава, Віктара Аляксандравіча Грамыкі, Мая Вольфавіча Данцыга, Яўгена Аляксеевіча Зайцава, Аляксандра Міхайлавіча Кішчанкі, Раісы Уладзіміраўны Кудрэвіч, Паўла Васільевіча Масленікава, Івана Якімавіча Міско, Георгія Георгіевіча Паплаўскага, Міхаіла Андрэевіча Савіцкага, Віталя Канстанцінавіча Цвіркі і іншых.
Экспанаванне выставы пройдзе з 28 лістапада 2024 года па 26 студзеня 2025.
Куратары выставы — Святлана Васільеўна Кот, загадчыца аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Анастасія Алегаўна Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.