- Время работы: Пн. - вс. 11:00 - 19:00, чт. 13:00 - 21:00, вт. - выходной
- Инфолиния:
-
Организатор:
Учреждение «Национальный художественный музей Республики Беларусь»г. Минск, ул. Ленина, д.20УНП 100377771
З 28 кастрычніка 2023 года да 15 студзеня 2024 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца выстава «Нашы калекцыі. Французскае выяўленчае мастацтва са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь».
У калекцыі еўрапейскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь збор твораў майстроў французскай школы, храналагічныя рамкі якога ахопліваюць перыяд з XVII па ХХ стагоддзе, — адзін з найбольш значных па якасці і колькасці экспанатаў.
На працягу многіх стагоддзяў французская школа была найбуйнейшай еўрапейскай мастацкай школай. Францыя дала свету готыку, знакамітых майстроў Паўночнага Адраджэння; французскія мастакі XVII стагоддзя, нараўне з італьянскімі майстрамі, сталі буйнымі прадстаўнікамі стылю барока, а такія стылі і напрамкі, як класіцызм і ампір, ракако і мастацтва Асветы, з’яўляюцца дасягненнямі чыста французскага мастацтва.
Збор французскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь уключае ў сябе нямала цікавых, пераважна жывапісных і графічных твораў, на прыкладзе якіх можна паслядоўна і паўнавартасна прадэманстраваць развіццё выяўленчага мастацтва Францыі і яго ўплыў на іншыя еўрапейскія школы.
У калекцыі музея захоўваецца шэраг сапраўдных шэдэўраў, створаных такімі вялікімі майстрамі французскай школы, як Жан Франсуа дэ Труа (1674-1752), Алексіс Грыму (1678-1733), Клод-Жазэф Вернэ (1714-1789), Гюбер Рабер (1833), Жан-Батыст Рэньё (1754-1829), Мары Луіза Элізабэт Віжэ-Лебрэн (1755-1842), Франсуа Жэрар (1770-1837) і інш. Не менш значным з’яўляецца і збор французскай гравюры, пераважна XVIII стагоддзя, а таксама калекцыя французскай кніжнай ілюстрацыі канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя.
Выстава «Французскае выяўленчае мастацтва са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» працягвае цыкл тэматычных экспазіцый, якія паказваюць выяўленчае мастацтва асобных еўрапейскіх мастацкіх школ на прыкладзе твораў з калекцыі музея. На выставы будзе прадстаўлена больш за 160 твораў жывапісу, графікі і скульптуры, што дасць
магчымасць гледачу больш глыбока пазнаёміцца з калекцыяй Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Творы, што экспануюцца на выставе, даюць выдатную магчымасць пазнаёміцца з адной з найбуйнейшых мастацкіх школ свету, французскай школай, і прасачыць развіццё і эвалюцыю мастацтва гэтай краіны на працягу XVII — пачатку XX стагоддзя.
Частка твораў, прадстаўленых на выставе, экспануецца ўпершыню.