Вядомы сюжэт пра паненку-сялянку, якая далікатна перавыхавала маладога паніча ў патрыятычным духу, выкарыстоўваўся рознымі аўтарамі, у тым ліку і беларускім драматургам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. Напісаная ў пазамінулым стагоддзі п'еса зрабілася падставаю для лібрэта першай беларускай оперы "Сялянка" Станіслава Манюшкі. Рэжысёр Мікалай Пінігін і кампазітар Уладзімір Кур'ян прапануюць сучаснае прачытанне старасвецкага сюжэту, ствараючы на сцэне яркае тэатральнае відовішча. Асаблівую вабнасць легендарнаму спектаклю надаюць адметныя спевы драматычных акцёраў ды харэаграфічныя нумары.