Чаму мы забіваем тое, што больш за ўсё любім? Раз за разам чалавецтва задае сабе гэтае пытанне і не можа знайсці адказу. Свой варыянт прапануе рэжысёр Аляксандр Дольнікаў (Расія, Масква). Спектакль «Я вольны!» — першая ў Беларусі пастаноўка паводле рамана «Касметыка ворага» Амелі Натомб, адной з самых вядомых франкамоўных пісьменніц на сёння. Яе творы перакладзены больш чым на 30 моў свету.
У парыжскім аэрапорце затрымліваецца рэйс на Барселону. Адзін з пасажыраў, Жэром Ангюст, падрыхтаваўся да доўгага чакання, выцягнуў кнігу, але пачытаць не атрымліваецца. Да яго падсаджваецца нейкі мсье Тэкстор Тэксэль і распачынае непрыемную, шчырую размову пра сваё жыццё. Агідныя прызнанні, разважанні пра Бога, прыхаваныя пачуцці… І вядома — каханне, якое мяжуе са смерцю… Слова за словам героі апускаюцца на цёмнае дно чалавечай сутнасці, адчыняюць дзверы, якія, магчыма, і не варта адчыняць…
Інсцэніроўка, пастаноўка, сцэнаграфія, музычнае афармленне — Аляксандр Дольнікаў.
Касцюмы — Святлана Макаранка.
Пераклад інсцэніроўкі на беларускую мову — Алесь Замкоўскі.
Дзейныя асобы і выканаўцы:
Жэром Ангюст — Георгій Лойка, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь;
Тэкстор Тэксэль — Святлана Жукоўская.