Галоўны герой, спадар Арган лічыць сябе хворым. Але чым ён хварэе ды ці хворы ўвогуле, ніхто не ведае. Арган вельмі заклапочаны сваім здароўем, патрабуе да сваёй персоны шмат увагі і не супраць патрапіць у вышэйшы свет. Аптэкары і дактары спаўна гэтым карыстаюцца, выпісваюць яму дарагія лекі. Прагная да грошай жонка Беліна хоча завалодаць яго багаццем і аддаць падчарку ў манастыр. Але Арган вырашае па-іншаму: ён збіраецца выдаць дачку за лекара, які будзе яго лячыць задарма. Але Анжаліка закаханая зусім у іншага юнака, і той адказвае ёй узаемнасцю. Служанка Туанэта бярэцца дапамагчы маладым стаць шчаслівымі. Ці атрымаецца гэта ў яе?..
П’еса Мальера высмейвае фанабэрыстасць, надумлівасць, глупства, прагу да грошай. Рэжысёр, у сваю чаргу, аддае перавагу тэатру ігры, тэатру прадстаўлення, стварае фарсавае відовішча, дзе пераважаюць буфанада і гратэск. Артысты, гэтак жа, як і класічнай камедыі дэль артэ, ствараюць вобразы-маскі. У пэўны момант маскі будуць скінутыя — і глядач убачыць за вобразамі герояў асобы саміх акцёраў.