Драматычная балада на 2-е дзеi
Аляксей Дудараў
Сцэнаграфія і касцюмы – Валерый ЮРКЕВІЧ.
Музыка і музычнае афармленне – Аляксандр КРЫШТАФОВІЧ.
Пластыка – Дзіяна ЮРЧАНКА.
Відэарад – Алег ЧАРНЯК.
Звярнуцца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны сёлета, калі свет адзначае 70-годдзе Перамогі над нямецкім фашызмам, тэатр імя Якуба Коласа палічыў сваім не толькі мастацкім, але і грамадзянскім, чалавечым абавязкам. Нельга забыць, колькі гора, пакут прынесла беларусам гэтая страшэнная навала. І сёння, калі зноў на планеце такі хісткі і нетрывалы мір , варта памятаць пра мінулае.
Спектакль «Не пакідай мяне» распавядае пра подзвіг. Дзесяткі, а можа, і сотні тысяч звычайных людзей яго здзяйснялі, рызыкуючы і ахвяруючы сваім жыццём. Сярод іх было нямала жанчын, дзяўчат. Мы памятаем многія імёны. Але колькі яшчэ невядомых, якія ляжаць у братніх магілах!
Жанчына на вайне. Гэта здаецца нейкай бязглуздзіцай, вычварэнствам, бо першае з другім несумяшчальныя. Гэтак жа яе не адпаведныя адно другому прыгажосць і злачынства, каханне і забойства, хараство і кроў. Наш спектакль пра подзвіг маладзенькіх дзяўчат-разведчыц, якія здолелі, ахвяруючы сабой, паралізаваць стратэгічна важны вузел сувязі нямецкай арміі. Чацвёра знешне безабаронных, пяшчотных, не спазнаўшых нават асалоду кахання, але моцных духам дзяўчат змаглі тое, што не здолелі б сотні фізічна загартаваных мужчын.
Наш спектакль – даніна памяці тым, хто цаной уласнага жыцця дапамог наблізіць святую Перамогу. А яшчэ ён пра тое, наколькі вайна сваёй жорсткасцю, антыгуманнасцю, вычварэнствам супярэчыць чалавечай прыродзе, прызначэнню чалавека на Зямлі.