Завоссе — асаблівае месца на літаратурнай карце Беларусі. Менавіта тут, у родавым маёнтку Міцкевічаў, нарадзіўся Адам Міцкевіч — адзін з найбуйнейшых паэтаў беларускай, польскай і сусветнай літаратуры. Запрашаем на традыцыйнае літаратурна-музычнае свята «Восень у Завоссі», якое адбудзецца 26 верасня ў філіяле «Музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе».
Музей-сядзіба ўзнаўляе шляхецкі двор другой паловы XVIII стагоддзя: драўляны дом, свіронак, гумно, абора, лазня каля стаўка, студня-жораў, сад і кветнікі. Аснову музейнай экспазіцыі складаюць вобразы і матывы паэмы «Пан Тадэвуш».
Фэст з адметнай восеньскай атмасферай, шчырасцю і ўтульнасцю даўно палюбіўся не толькі прыхільнікам паэтычнага таленту Адама Міцкевіча, але і ўсім беларусам, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, шануе сваю літаратуру, культуру. «Восень у Завоссі» — гэта выдатная магчымасць на адзін дзень змяніць гарадскі рытм на спакой сядзібы і адчуць восень у яе асаблівым настроі.
Што чакае гасцей?
– экскурсіі па музейнай сядзібе;
– канцэртная праграма і музычныя выступленні;
– сустрэчы з літаратарамі і лекцыі;
– майстар-класы і інтэрактыўныя пляцоўкі;
– квэсты і гульні;
– рамесніцкі кірмаш;
– фотазоны і кропкі харчавання.
Падрабязная праграма фестывалю будзе апублікавана бліжэй да даты мерапрыемства.
Як дабрацца?
Уваход на фестываль вольны для наведвальнікаў, якія дабіраюцца ўласным транспартам.
Квіткі на трансфер можна набыць у касе Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры па адрасе г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13.