6 лістапада 2024 года а 16-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20, прыбудова) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Андрэй Заспіцкі. У сэрцы — Беларусь». Падчас правядзення мерапрыемства будзе падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.
У 2024 годзе споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, скульптара Андрэя Міхайлавіча Заспіцкага (24.02.1924, Варшава — 09.03.2019, Мінск).
Андрэй Заспіцкі належыць да плеяды мастакоў сярэдняга пакалення, чый творчы шлях праходзіў ужо ў пасляваенны час — перыяд актыўнага развіцця беларускай школы скульптуры, і сам шмат у чым вызначыў яе лёс у другой палове ХХ стагоддзя. Жыццёвы і творчы шлях майстра з’яўляецца адной з найбольш яскравых і працяглых старонак у гісторыі беларускага мастацтва другой паловы XX — пачатку XXI стагоддзя.
Творчасць Андрэя Заспіцкага развівалася ў агульным рэчышчы савецкага мастацтва і беларускай мастацкай школы. Манументальныя і станковыя творы скульптара напоўнены героіка-грамадзянскім зместам, ім уласцівыя арыгінальнасць мастацкіх рашэнняў, выразнасць пластычных форм, узбагачанасць кантрастамі святлаценю, пранікненне у характары герояў, рамантычная ўсхваляванасць і ўзнёсласць вобразаў. Сёння майстар з’яўляецца класікам беларускай скульптуры.
Выстава Андрэя Заспіцкага ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь ахоплівае перыяды творчага жыцця майстра з 1950-х па 2000-я гады, з пасляваенных да апошніх гадоў жыцця. Усе работы звязаны з асноўнымі этапамі шляху скульптара ў мастацтве і раскрываюць галоўныя напрамкі яго мастацкіх пошукаў. На выставе будуць экспанавацца творы скульптуры са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, фондаў Беларускага саюза мастакоў, з калекцыі сям’і Андрэя Міхайлавіча Заспіцкага — яго дачкі Наталлі, а таксама фатаграфіі з архіва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і Беларускага тэлеграфнага агенцтва, дакументы і фатаграфіі з сямейнага архіва — яго дачкі Наталлі. Дапоўняць экспазіцыйную прастору скульптурны партрэт Андрэя Заспіцкага, створаны яго сябрам і калегам па творчым цэху Аляксандрам Міхайлавічам Каструковым, пісьмовы стол і рамкі з ляпнінай са збору Музея гісторыі горада Мінска, а таксама відэазамалёўкі і радыёперадачы пра скульптара з яго непасрэдным удзелам з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Экспанаванне выставы пройдзе ў выставачным корпусе (вул. К. Маркса, 24, паверх 4, зала 3) па 8 снежня 2024 года.
Куратар выставы — Анастасія Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст., захавальнік калекцыі «Беларуская скульптура».