- Инфолиния:
11 кастрычніка 2024 года ў 17.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачне сваю працу часовая экспазіцыя «Космас — наш!», прысвечаная творчасці Язэпа Драздовіча.
Фенамен Язэпа Нарцызавіча Драздовіча (13.10.1888 — 15.09.1954гг) — гэта неверагоднае спалучэнне ў адной асобе вялікай колькасці рознабаковых талентаў і схільнасцей. Больш вядомы шырокай грамадскасці як мастак-жывапісец, Я.Драздовіч праяўляе сябе і як таленавіты краязнаўца-графік, і як этнограф, і як археолаг, і як літаратар.
Язэп Драздовіч першы беларускі мастак, што звяртаецца да тэмы космаса ў сваёй творчасці, дамінуючай гэтая тэма у ягоным мастацтве не стане, але прагу да касмічных глыбінь Сусвету Драздовіч пранясе праз усё жыццё, у ёй ён праявіць сябе як літаратар і даследчык, на свет з’явіцца першая на Беларусі кніга па астраноміі «Нябесныя бегі».
У сталыя гады паралельна з касмічнымі творамі, Драздовіч будзе займацца «аздабленнем» сялянскіх хацін маляванымі дыванамі. Маляваныя дываны ў перадваенныя і пасляваенныя часы былі амаль у кожнай сялянскай хаце, разам з эстэтычнай і аздабленчай функцыямі, яны найперш выконвалі ролю сямейнага абярога, што пераносіў невыносна цяжкае сялянскае жыццё ў чароўныя казкі.
Маляванне дываноў, да якога ў першыя часы Драздовіч ставіцца не сур’ёзна, дасць яму магчымасць не толькі заробку, але і стане спосабам рэалізаваць ягоныя педагагічныя і адукацыйныя памкненні і здольнасці: прыходзячы на заказ у хату маляваць дываны, мастак улучае магчымасць чытаць лекцыі вяскоўцам пра небазнаўства і тлумачыць ім пры дапамозе спадручных сродкаў бег планет і зорак.
На часовай экспазіцыі «Космас — наш!», падрыхтаванай сумесна з Гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Заслаўе» і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі, прадстаўленыя маляваныя дываны, карціны, рукапісы Язэпа Драздовіча, фальклорныя сшыткі Якуба Коласа.
Падчас прэзентацыі 11 кастрычніка а 17-й вас чакае куратарская экскурсія па экспазіцыі, тэматычная фотазона.
Сардэчна запрашаем!