24afisha_logo_yellow-black backgroundLayer 1 Layer 1 Скачать из Windows Phone Store
a a a a a a a
Выставки

Выстава «Ракурсы творчасці: зямля, вада, неба»

Мероприятие в этом городе уже прошло

Описание

16 лютага 2024 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Ракурсы творчасці: зямля, вада, неба» народнага мастака Беларусі, выдатнага майстра лірыка-эпічнага пейзажа, тэатральнага жывапісца, мастацтвазнаўцы і таленавітага педагога Паўла Васільевіча Масленікава (1914–1995), прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння мастака.

У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 40 жывапісных твораў майстра з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Музея гісторыі горада Мінска і сям’і мастака.

У беларускім выяўленчым мастацтве пасляваенных дзесяцігоддзяў галоўнае месца ў жанравай іерархіі займала тэматычная карціна. Мастаку таго часу трэба было валодаць пэўнай адвагай і бясспрэчным талентам, каб зрабіць пейзажны жанр асновай сваёй творчасці. І Павел Масленікаў бліскуча справіўся з гэтай задачай.

Цікавасць да спасціжэння прыгажосці роднага краю ўзнікла ў маэстра невыпадкова. Яшчэ ў гады вучобы ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме Павел Масленікаў напісаў вельмі шмат пейзажаў, эцюдаў. На жаль, усе гэтыя творы загінулі падчас вайны. Ужо ў пасляваенны перыяд больш за два дзесяцігоддзі жыцця ён прысвяціў працы ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ў якасці мастака-пастаноўшчыка. Сваёй упартай працай, сапраўднай апантанасцю тэатрам Павел Масленікаў унёс вялікі ўклад у развіццё дэкарацыйнага мастацтва Беларусі. Аднак любоў да роднай прыроды, яе тонкай, някідкай, на першы погляд, але дзіўна лірычнай прыгажосці не пакідала яго і цяпер. Павел Масленікаў разумеў, што станковы жывапіс з’яўляецца неад’емнай часткай працы мастака-дэкаратара. І ён пісаў з натуры. Прынцып — ад натуры да дэкарацыі, тэарэтычнае асэнсаванне матэрыялу ў працы над афармленнем і зноў да натуры з мэтай паглыбленага яе ўспрымання — заставаўся вядучым у творчасці мастака. У 1960-я гады, калі Павел Масленікаў перастаў працаваць у тэатры, ён стаў значна больш часу надаваць рабоце над стварэннем самастойных пейзажных твораў. Менавіта ў наступныя тры дзесяцігоддзі майстрам былі створаны яго найлепшыя лірыка-эпічныя пейзажы, многія з якіх сталі сапраўднымі жамчужынамі беларускага жывапісу другой паловы ХХ стагоддзя.

Нягледзячы на вялікую службовую і грамадскую загружанасць Павел Масленікаў знаходзіў магчымасць з эцюднікам на плячы аб’ездзіць Індыю, Непал, Фінляндыю, Швецыю, Алтай і Карпаты, Прыбалтыку, Паволжа, Італію, Францыю і Егіпет; і, безумоўна, усе куткі роднай Беларусі. Мастак стварыў сапраўдны пейзажны летапіс сваіх вандровак.

Падводзячы вынік свайго творчага жыцця, Павел Васільевіч пісаў: «Доўгі шлях узыходжання мастака ў прафесійнае творчае жыццё праходзіць у глыбінях сацыяльнага жыцця народа, у бясконцым багацці яго духоўнага жыцця, духоўнага саюза нацый».

Выстава працягнецца да 21 красавіка 2024 года.

Куратары выставы — Сяліцкая Наталля Леанідаўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ ст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Запека Кацярына Генадзьеўна, старшы навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

  • Время работы: Пн. - вс. 11:00 - 19:00
Оставить отзыв
Этот сайт использует cookies
Понятно