- Время работы: Пн. - вс.: 11:00 - 19:00, касса 11:00 - 18:30
6 мая 2023 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працаваць выстава «Неба і зямля Аляксандра Кішчанкі», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння мастака.
На юбілейнай выставе Аляксандра Міхайлавіча Кішчанкі (1933—1997) экспануюцца творы жывапісу, ткацтва, дакументы (фатаграфіі, публікацыі), прадстаўленыя сям’ёй мастака, а таксама прыналежныя калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся А.М. Кишчанка 13 мая 1933 года ў вёсцы Белы Калодзезь Багучарскага раёна Варонежскай вобласці. Вучыўся ў Львоўскім інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва (1956—1960) у Р.Ю. Сельскага, І.М. Скабáлы, А.І. Манастырскага. Жыў і працаваў у Кіеве, Мінску (з 1963 года). Член Беларускага саюза мастакоў з 1964 года. Выкладаў на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1963—1969). Народны мастак Беларусі (1991). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1993). Двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980, 1996).
Работы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, у Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Доме-музеі А.М. Кішчанкі Багучарскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, іншых дзяржаўных і прыватных зборах. Аўтар шэрага манументальных работ у тэхніках мазаікі, роспісу, ткацтва, у тым ліку «Габелена веку», унесенага ў Кнігу рэкордаў Гінэса.
Больш за чвэрць стагоддзя мастака няма ў гэтым зямным жыцці, але яго працы захоўваюць душэўную і мастацкую шырыню, шчодрасць, сілу, стабільнай застаецца і ўвага да іх. Рысы станковага мастацтва ў манументальным і манументальнага ў станковым, шырыня стылістычных рэмінісцэнцый, праявы народнага светаўспрымання ў прафесійнай творчасці, спалучэнне вытанчанасці і дэмакратызму абумоўліваюць неадназначнасць, шматслойнасць, эфектнасць яго твораў і выклікаюць цікавасць у самых розных гледачоў.
Выстава будзе працаваць да 9 ліпеня 2023 года.
Куратары выставы - Валянціна Вайцэхоўская, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь; Франц Корзун, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.