24afisha_logo_yellow-black backgroundLayer 1 Layer 1 Скачать из Windows Phone Store
a a a a a a a
Выставки

Выстава «Па-за часам часу»‎

Мероприятие в этом городе уже прошло

Описание

23 лістапада 2022 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрываецца выстава керамікі дванаццаці мастакоў «Па-за часам часу»‎. Сярод удзельнікаў выставы Тамара Сакалова, Ірына Фінцклер, Ірына Раткевіч, Ірына Мойгіс, Леанід Трацэўскі, Алена Чэпелева, Дзмітрый Шкрэдаў, Ганна Амбросава, Вольга Сямашка, Антон Ціханавец, Святлана Кірылюк, Ганна Маршава.

Кераміка з’яўляецца адным з найважнейшых складнікаў традыцыйнага гістарычнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі, мае моцныя традыцыі – і тэхналагічныя, і вобразныя. Звязаная, у асноўным, са стварэннем функцыянальных прадметаў у ранейшыя часы, гэта сфера сёння зведала вялікія змены, пашырыўшы і тэматыку, і вобразны шэраг, увёўшы новыя матэрыялы і смела эксперыментуючы з імі.

Работы, прадстаўленыя на выставе, паказваюць гледачам тую мову пластычнага мастацтва, якая сфарміравалася дзякуючы зліццю ўласцівасцей дэкаратыўна-прыкладной ад керамікі і вобразна-сэнсавай ад скульптуры.

У кантэксце павеваў сучаснасці, калі межы не толькі ўнутры відаў мастацтваў, але і нават паміж абласцямі чалавечай дзейнасці размываюцца, падыходы становяцца ўсё больш смелымі і эксперыментальнымі, важным становіцца паказаць гэтыя метамарфозы на айчынным полі культуры і мастацтва. У дадзеным выпадку – керамікі.

У мастацтвазнаўчай літаратуры адсутнічае дэфініцыя малой скульптуры. Як няма і адзінага меркавання ў пытанні аб тым, ці з’яўляецца дробная пластыка (да якой можна аднесці і керамічныя вырабы) скульптурай або дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Вядомы культуролаг М. С. Коган зазначаў, што неразуменне прынцыповага адрознення прыкладнога мастацтва ад выяўленчага прыносіць вялікую шкоду. Але сёння ў гэтым сінтэзе мастацтваў бачыцца, наадварот, вялікі патэнцыял і складаны працэс стварэння новых форм і відаў мастацтва. Калі слова «кераміка»‎ перакладаецца з грэчаскай як «гліна»‎, і сёння пад гэтым значэннем разумеецца гліна, якая прайшла абпал, то дзе тая грань паміж керамікай і скульптурай?

Мэтай дадзенай экспазіцыі з’яўляецца вызначэнне і выяўленне ўласцівасцяў керамічнай скульптуры або скульптурнай керамікі як памежнай сучаснай з’явы.

Уласцівасці скульптуры – аб’ёмы, рытмы мас і прапорцый, чаргаванне дэталяў, метафарычныя і абагульненыя вобразы – даўно належаць не толькі манументальнаму скульптурнаму твору. Погляд на пэўную рэч, з’яву, суб’ект і выраз яго ў матэрыяльнай форме ўласцівы і творам керамістаў. Раскрыццё сутнасці вобразаў, адлюстраванне светапогляду, думак праз мову формы выводзіць работы керамістаў у поле мастацкае і менш функцыянальнае.

Удзельнікі выставы, з’яўляюцца не толькі рамеснікамі (хоць і дадзены бок прафесіі, несумненна, важны), але і знаходзяць у матэрыяле спосабы і прыёмы для адлюстравання думак, ідэй, аўтарскай задумы.

У іх творах можна знайсці як функцыянальныя і дэкаратыўныя характарыстыкі, так і характарыстыкі станковай формы, калі твор носіць самастойны характар, неўтылітарны і недэкаратыўны, адрозніваецца псіхалагізмам, апавядальнасцю, сімвалічнасцю і метафарычнасцю. Такім чынам, работы ўдзельнікаў выставы можна аднесці да малой пластыкі. У адрозненне ад манументальных скульптурных прац, яны камерныя, і такім чынам бліжэйшыя гледачу: іх можна дэталёва разгледзець зблізку, вывучыць пластычныя і тэхналагічныя знаходкі аўтара, адчуць, як арганізоўвае вакол сябе прастору аб’ект, і такім чынам усталяваць прамы кантакт са стваральнікам твора.

Сярод аўтараў, работы якіх плануецца экспанаваць, сабраны як маладыя прадстаўнікі прафесіі, якія зусім нядаўна скончылі Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, так і мэтры гэтай сферы. Гэты сінтэз прафесіяналаў розных пакаленняў, якія размаўляюць на адной мове вобразаў, якія карыстаюцца адным метафарычным падыходам, таксама цікавы: у гэтым раўнапраўным прадстаўленні прац і дасведчаных майстроў, і тых, хто толькі распачаў свой шлях у прафесіі, ёсць момант пераемнасці традыцый і моцнай супольнасці прафесіяналаў.

  • Время работы: Ср.- вс.: 11:00 - 19:00
  • Вход:

    6,00 руб. – для дарослых

    4,50 руб. – для студэнтаў, пенсіянераў

    2,50 руб. – для школьнікаў

  • Инфолиния:

    +375 (17) 270-43-66

  • Возрастное ограничение: 0+
Оставить отзыв
Этот сайт использует cookies
Понятно