- Время работы: пн.-вс.: 09:00 — 18:00
19 мая а 13 гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы “У. Караткевіч “Дзікае паляванне караля Стаха” з цыкла “Літаратура ў мастацве”.
Гэта экспазіцыя распачынае цыкл выстаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, прысвечаных найбольш вядомым творам нашай літаратуры, кнігам, на якіх выхавана не адно пакаленне беларусаў і якія з’яўляюцца нашай візітоўкай у сусветнай культурнай прасторы. З велізарнага абшару друкаванага слова згаданыя кнігі вылучае не толькі тая акалічнасць, што іх сюжэт, змест і пісьменніцкая майстэрства вабяць перакладчыкаў на іншыя мовы. У гэтых кнігах закладзены велізарны патэнцыял візуальнай дзеі, таму яны могуць быць “перакладзены” і на мову іншых відаў мастацтва – выяўленчага, тэатральнага, кінематографа.
Першай сярод выстаў цыкла нездарма стаіць славутая кніга Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч разам з Васілём Уладзіміравічам Быкавым узначальваюць спіс самых вядомых, самых чытальных беларускіх літаратараў ХХ стагоддзя. Пра Караткевіча можна сказаць, што ён сваёй творчасцю здзейсніў ментальную рэвалюцыю ў свядомасці нацыі, вярнуў народу гонар за велічную і драматычную даўнюю гісторыю, якая па зразумелых прычынах альбо замоўчвалася, альбо падавалася беларускай грамадзе ў скажоным выглядзе. “Дзікае паляванне караля Стаха” – шэдэўр прыгодніцкай літаратуры з рысамі інтэлектуальнага дэтэктыва. Да таго ж у ім на прыкладзе лёсу канкрэтных асоб па-мастацку выразна і ў адпаведнасці з гістарычнай праўдай паказаны наш народ і край на зломе эпох.
Над ілюстрацыямі да “Дзікага палявання…” працавалі такія выдатныя мастакі як Арлен Кашкурэвіч, Міхась Басалыга, Юрый Якавенка. Аздобленыя імі кнігі прадстаўлены ў экспазіцыі. Таксама гледачы пабачаць асабістыя рэчы Уладзіміра Караткевіча, якія даюць ўяўленне пра прадметны свет, што атачаў пісьменніка ў часе работы над кнігай. Партнёрамі Прэзідэнцкай бібліятэкі ў дадзеным праекце з’яўляюцца Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Музей гісторыі беларускага кіно, Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны. У экспазіцыі прадстаўлены выданні класічнага твора Уладзіміра Караткевіча на роднай мове і мовах свету, а таксама творы мастацтва, прысвечаныя пісьменніку. Безумоўна, зацікавяць наведвальнікаў выставы касцюмы і рэквізіт, што скарыстоўваліся на здымках вядомага беларускага фільма паводле кнігі.
Усе жадаючыя змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь да 16 чэрвеня бягучага года.
Звяртаем увагу, уваход у бібліятэку ажыццяўляецца па прад’яўленні пашпарта!
Просім загадзя паведаміць імя і прозвішча карэспандэнта для складання спіса ў Службу бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Кантактная інфармацыя:
Сярмяжка Юлія Мікалаеўна
тел.: +375 (17) 222-42-90, +375 (25) 636-06-80.