Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры Літаратурны музей Максіма Багдановіча.
Свята паэзіі і песні «РАКУЦЁЎСКАЕ ЛЕТА»
30 ліпеня 2022 года ў «Фальварку Ракуцёўшчына» (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры) адбудзецца штогадовае свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета».
Час правядзення: 15:00 – 18:00.
Адрас: Мінская вобласць, Маладзечанскі раён, в.Ракуцёўшчына.
Арганізатарамі свята выступаюць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт.
Традыцыйнае свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета» ладзіцца штогод і прысвячаецца Максіму Багдановічу. Наведвальнікі змогуць адчуць атмасферу старасвецкага фальварка, прайсці беларускімі сцяжынкамі Максіма Багдановіча, атрымаць асалоду ад лета, сонца, новых знаёмстваў, злавіць натхненне на добрыя справы. І канешне – незабыўна адзначыць свята ў гонар самага маладога класіка беларускай літаратуры.
Арганізатары фэсту рыхтуюць мноства цікавых лакацый на розны густ і ўзрост. У праграме мерапрыемства:
— сустрэчы з беларускай паэзіяй і мастацтвам;
— музычныя выступленні творчых калектываў;
— творчыя заданні, інтэрактывы і квэсты;
— займальныя лекцыі і майстар-класы;
— гульні для дзяцей і дарослых ды іншыя цікавосткі.
Падрабязная праграма будзе апублікавана на сайце bellitmuseum.by, а таксама ў сацыяльных сетках арганізатараў мерапрыемства.
Уваход вольны. Шчыра запрашаем!
Фальварак Ракуцёўшчына адметны тым, што тут, у сядзібе шляхціца Вацлава Лычкоўскага, дзядзькі братоў Луцкевічаў, летам 1911 года адпачываў Максім Багдановіч.
Гэты фальварак стаў сімвалічным месцам вяртання паэта на Бацькаўшчыну. Ракуцёўшчына з яе маляўнічымі краявідамі дала моцны зарад для творчасці паэта, стала крыніцай натхнення. У Ракуцёўшчыне Максімам Багдановічам створаны паэмы «Вераніка» і «У вёсцы», напісаны нізкі вершаў «Старая Беларусь» і «Места». Тут прыйшло яго канчатковае ўсведамленне сябе як беларускага паэта.
З 1991 г. пачалося аднаўленне сядзібы Лычкоўскіх, стварэнне філіяла, які ўключае наступныя музейныя аб’екты: Дом арандатара, Дом гаспадара, гумно, Максімаву крыніцу, помнік і Максімаў сад.
Варыянты праезду:
Трансфер Мінск-Ракуцёўшчына-Мінск, арганізаваны музеем. Кошт – 20,00 руб. Браніраванне месцаў – па тэл. +375 (17) 363-07-61, аплата – па спасылцы https://24afisha.by/ru/molodechno/events/performances/318206
Электрычка Мінск-Маладзечна – да станцыі Уша.
Маршрутнае таксі Мінск-Краснае, Мінск-Маладзечна – да в. Краснае (прыпынак каля танка).
Уласнае аўто – да в. Ракуцёўшчына (GPS-каардынаты 54.256914, 27.094609).