22 верасня 2016 года а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца прэзентацыя кнігі Тамары БУНТА “Дзяўчынка з Вішнёвага завулка”, якая выйшла ў 2016 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
Гэта зборнік апавяданняў для дзяцей, у якіх аўтар з цёплай усмешкай прыгадвае вясёлыя і сумныя гісторыі свайго дзяцінства. Падзеі адбываюцца ў невялікім беларускім горадзе напрыканцы 1960-х – на пачатку 1970-х гадоў мінулага стагоддзя. Кніга прызначана для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту.
У 2014 годзе рукапіс кнігі Тамары Бунта “Дзяўчынка з Вішнёвага завулка” атрымаў ІІ прэмію (І прэмія не прысуджалася) у літаратурным конкурсе ГА “Саюза пісьменнікаў Беларусі”, у намінацыі “Дзіцячая літаратура”.
Тамара Пятроўна Бунта – вядомы журналіст, працавала ў розных беларускіх выданнях. У 2003 – 2014 гадах была галоўным рэдактарам часопіса жанчын Беларусі “Алеся” (былая назва – “Работніца і сялянка”). З’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкалаў, прысвечаных тэме дзяцінства, мацярынства, грамадскай дзейнасці жанчын. Стваральнік цыкла сямейных гісторый “Вядомыя людзі Беларусі вачамі родных і блізкіх”. Узнагароджана Знакам “Выдатнік друку Беларусі”.
Член ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, член ГА “Беларускі саюз журналістаў”, член прэзідыума ГА “Беларускі саюз жанчын”. З’яўляецца старшынёй Клуба творчых жанчын “Спадарыня”, створанага пры СПБ.