24afisha_logo_yellow-black backgroundLayer 1 Layer 1 Скачать из Windows Phone Store
a a a a a a a
Концерты

Цикл концертов «Минская весна — 2014». Краявіды польскай музыкі

Мероприятие в этом городе уже прошло

Описание

Канцэрт музыкі польскіх кампазітараў да 20-годдзя Польскага Інстытута ў Мінску

Дзяржаўны акадэмічны СІМФАНІЧНЫ АРКЕСТР Рэспублікі Беларусь
Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі Аляксандр АНІСІМАЎ
Дырыжор – Павел КОТЛЯ (Польшча-Велікабрытанія)
Саліст – Гаюш КЭНСКА (фартэпіяна, Польшча)
I аддзяленне : Зыгмунт НАСКОЎСКІ, “Стэп”, сімфанічная паэма, op.66 
                         Фрыдэрык ШАПЭН, Канцэрт №2 для фартэпіяна з аркестрам фа-мінор, 21
IІ аддзяленне: Мечыслаў КАРЛОВІЧ,“Ліцвінская рапсодыя”, сімфанічная паэма, op. 11
                         Войцех КІЛЯР, “Кшэсаны”, сімфанічная паэма

У канцэрце прымае ўдзел выдатны кракаўскі піяніст Гаюш Кэнска, абвешчаны крытыкамі бліскучым віртуозам і магам фартэпіяна, адзін з самых таленавітых польскіх піяністаў маладога пакалення ў Польшчы. Гаюш Кэнска выступае з канцэртамі па ўсім свеце, з’яўляецца лаўрэатам нацыянальных і міжнародных музычных конкурсаў, папулярызатарам польскай музыкі, асабліва творчасці Фрыдэрыка Шапэна і Караля Шыманоўскага. Адукацыю атрымаў у Кракаўскай акадэміі музыкі і Sweelinck Conservatorium у Амстэрдаме, прымаў удзел у шматлікіх майстар-класах з такімі выбітнымі піяністамі, як Г. Чэрні-Стэфаньска, П. Бадура-Шкода, П. Зальцман, К. Кеннэр, Р. Бухбіндэр, Х. Рыб’ера і іншыя. Лаўрэат шматлікіх узнагарод нацыянальных і міжнародных конкурсаў фартэпіяна, з якіх самыя галоўныя – Міжнародны конкурс піяністаў "Ciutat de Mallorca" ў Маёрцы, Міжнародны конкурс маладых піяністаў у г.Гайар (Францыя), Міжнародны Ціхаакіянскі конкурс піяністаў у Ванкуверы (Канада), спецыяльная ўзнагарода на Міжнародных майстар-класах у Тэль-Хай (Ізраіль), музычны конкурс “Vriendenkrans” у канцэртнай зале Кансертгебаў у Амстэрдаме і інш.

Дырыжыруе канцэртам выбітны польскі дырыжор Павел КОТЛЯ, які стала жыве ў Лондане і працуе ў якасці дырыжора Лонданскага сімфанічнага аркестра. Адукацыю атрымаў у Музычным універсітэце імя Ф. Шапэна ў Варшаве (дырыжыраванне), у Оксфардскім універсітэце (музыказнаўства), а таксама ў Вене, Сіене, Інсбруку і Брыксене. Павел Котля супрацоўнічаў з сусветна вядомымі імёнамі, атрымаўшы выдатныя водгукі ад такіх майстроў, як Колін Дэвіс, Сайман Рэттл, Нэвіл Маррынер, Юрый Цемірканаў і Эндру Пэррот. Павел Котля дырыжыраваў у Велікабрытаніі, Швецыі, Бельгіі, Іспаніі, Германіі, Грузіі, Чэхіі, Аўстрыі, Расіі, Бразіліі і Ўкраіне. Выступаў на такіх прэстыжных сцэнах свету, як Каралеўскі Альберт-Хол і Барбікан-цэнтр у Лондане, Берлінская філармонія, Каралеўскі оперны тэатр у Мадрыдзе, Berwaldhallen у Стакгольме, Оперны тэатр у Сан-Паўлу, Нацыянальны оперны тэатр Украіны ў Кіеве і Санкт-Пецярбургская філармонія. З Моладзевым аркестрам Еўрапейскага Саюза (EUYO) у сакавіку 2008 года Павел Котля адкрываў цырымонію 50-годдзя Еўрапарламента. Ён таксама з'яўляўся мастацкім кіраўніком адной з найбуйнейшых культурных праграм польскага старшынства ў Еўрапейскім Саюзе ў 2011 г. – моладзевага аркестра I'Culture Orchestra, які выступіў у самых вялікіх канцэртных залах Еўропы (Стакгольме, Варшаве, Кіеве, Берліне, Лондане, Мадрыдзе і Брусэлі).

У праграме канцэрта будуць прадстаўлены выдатныя прыклады польскай сімфанічнай музыкі розных перыядаў, да стварэння якіх кампазітараў натхнялі непаўторныя вобразы, краявіды і народны фальклор роднай зямлі. Сімфанічная паэма “Стэп” Зыгмунта Наскоўскага (1846 –1909) - адзін з найбольш вядомых твораў кампазітара, галоўная вартасць якога – гэта мелодыка, якая выкарыстоўвае элементы польскага і ўкраінскага фальклору. Вельмі часта падкрэсліваюцца сувязі паміж “Стэпам” і трылогіяй Генрыка Сянкевіча, асабліва з раманам “Агнём і мячом”.“Ліцвінская рапсодыя” – адзіны твор Мечыслава Карловіча (1876-1909), які абапіраецца на арыгінальную народную музыку – сапраўдныя беларускія мелодыі, пра якія Карловіч узгадвае ў сваім лісце да сябра: "(...) Я скончыў твор, які, верагодна, і назаву “Ліцвінская рапсодыя”. Я спрабаваў укласці ў яе ўсё гора, смутак і вечнае рабства гэтага народа, чые песні гучалі ў маім дзяцінстве...” Мечыслаў Карловіч нарадзіўся і правёў дзяцячыя гады ў в. Вішнева (цяпер Смаргонскі р-н, Гродзенскай вобл.). Сучасны польскі кампазітар Войцех Кіляр (1932 –2013) вядомы перш за ўсё як кінакампазітар. Ён з'яўляецца аўтарам музыкі больш чым да 130 фільмаў, пастаўленых як вядомымі польскімі рэжысёрамі (К. Занусі, Е. Гофман, Р. Палянскі, А. Вайда, К. Кесьлёўскі), так і рэжысёрамі Еўропы і Амерыкі, уключаючы фільм Фрэнсіса Форда Копалы “Дракула”. Назва найбольш значнага твора кампазітара, сімфанічнай паэмы “Кшэсаны” (Krzesany), азначае танец горцаў, заснаваны на харэаграфічнай фігуры “кшэсане” (бел. “выкрасанне”) – г.зн. стуканне пяткай аб пятку. Твор з’яўляецца стылізацыяй гэтага танца. Пасля прэм’еры “Кшэсаны” ў 1974 г. дырыжор Ян Крэнц сказаў В. Кіляру “Ты шырока адкрыў акно і ўпусціў у пакой польскай музыкі свежае горнае паветра”.

У праграме канцэрта прагучыць таксама Канцэрт № 2 фа мінор для фартэпіяна з аркестрам Фрыдэрыка Шапэна. Непаўторнасць твораў кампазітара ў значнай ступені вынікае з яго захаплення народнай музыкай. Шапэн, зачараваны гучаннем народнай капэлы, калектыўнымі і адзіночнымі спевамі, моцна звязаўся з роднай зямлёю, якую ўжо ніколі не забываў. Шапэн здолеў узбагаціць свае творы нацыянальнымі музычнымі рысамі, якія і вызначылі яго індывідуальнасць, а таксама абудзілі цікавасць да асобы і творчасці кампазітара. Партыю фартэпіяна выканае Гаюш Кэнска. 

Все события твоего города в мобильном приложении relax.byНайди «relax.by» в своем маркете: App Store, Google Play!  


Все события твоего города в мобильном приложении relax.by. Найди «relax.by» в своем маркете: App Store, Google Play!   
Оставить отзыв
Этот сайт использует cookies
Понятно