- Длительность: 1г.10хв.
Сёлета спаўняецца 100 гадоў драматычнаму твору “Раскіданае гняздо” вялікага беларускага песняра Янкі Купалы. Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў у сваёй новай пастаноўцы задаецца пытаннем: што і як змянілася праз стагоддзе ў самасвядомасці беларусаў. Падзеі п’есы рэжысёр пераносіць у нашу рэчаіснасць, дзе дзіўным чынам многае супадае: мары аб лепшай долі, пошук свайго месца і шчасця ў жыцці, барацьба за маёмасць, сацыяльны мезальянс, канфлікт пакаленняў застаюцца актуальнымі праблемамі звычайных людзей ва ўсе часы. У цэнтры ўвагі трагедыя звычайнай сям’і, вымушанай шукаць выйсця са складанага становішча. Ёй трэба пакінуць сваё жыллё, паколькі яно належыць іншаму чалавеку. Але гонар і асэнсаванне таго, што менавіта тут, у гэтым доме пражыло не адно пакаленне продкаў, не дазваляюць жыхарам проста так пакінуць яго. Яны гатовыя і судзіцца, і трываць, і з сякерай устаць, каб абараніць сваё права жыць тут. У выніку складанай унутранай барацьбы кожны ўдзельнік сямейнай драмы абірае свой пуць. Некалі вялікая сям’я, моцна звязаная кроўнымі сувязямі, распадаецца. Наперадзе непрадказальнасць, шлях у невядомае… Пастаноўка драмы “Раскіданае гняздо” – гэта магчымасць сказаць гледачам словамі класіка важныя і каштоўныя сучаснаму чалавеку ісціны.