24afisha_logo_yellow-black backgroundLayer 1 Layer 1 Скачать из Windows Phone Store
a a a a a a a
События

Прэзентацыя кніг Янкі Маўра

Мероприятие в этом городе уже прошло

Описание

11 мая 2016 г. у дзень народзін Янкі Маўра ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, пакой 110) у 16.00 адбудзецца прэзентацыя кніг “Янка Маўр. Выбранае” і “Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа” – малодшай дачкі Я.Маўра, нявесткі Я.Коласа Наталлі Міцкевіч.

У першую кнігу, выдадзеную у серыі “Беларускі кнігазбор”, увайшлі аповесці Янкі Маўра “Шлях з цемры”, “У краіне райскай птушкі”, “Палескія рабінзоны”, “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага”, некалькі апавяданняў, артыкулаў, эпісталярная спадчына Я. Маўра – лісты да Якуба Коласа, Алеся Якімовіча і іншых. У дадатку прыведзены ўспаміны пра Янку Маўра і вершы, прысвечаныя беларускаму дзіцячаму пісьменніку. Некаторыя лісты і артыкулы з цыкла “Старонкі гісторыі” друкуюцца ўпершыню. 

Укладальнікам кнігі стала ўнучка Янкі Маўра і Якуба Коласа – Марыя Міцкевіч, а кароткую прадмову да кнігі напісала яе дачка – Васіліна Міцкевіч.

У другую кнігу, якая пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”, ўвайшлі ўспаміны дачкі Янкі Маўра Наталлі Міцкевіч. У кнізе апісаны раней невядомыя факты жыцця Янкі Маўра, раскрыты яго ўзаемаадносіны з роднымі, знаёмымі. Аўтарка кнігі яскрава перадае цяжкасці эвакуацыі ў часе другой сусветнай вайны, паказвае складанае становішча сям’і Янкі Маўра ў Алма-Аце. Акрамя гэтага Наталля Міцкевіч расказвае пра сваю вучобу, работу ў Беларускім політэхнічным інстытуце, пра сваю сям’ю і свайго свёкра – Якуба Коласа, распавядае пра сустрэчы са знакамітымі і цікавымі людзьмі.

Да прэзентацыі падрыхтавана невялікая фотавыстаўка з асабістага архіва сына Якуба Коласа і зяця Янкі Маўра – Міхася Міцкевіча.

Акрамя таго, пад час імпрэзы адбудзецца адкрыццё кніжна-дакументальнай выставы “Літаратурныя шляхі Якуба Коласа і Янкі Маўра”, прысвечанай дзвюм асобам ў нацыянальнай культуры. Супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі пазнаёмяць з найбольш цікавымі дакументамі з рукапіснага фонду: рукапісамі твораў Янкі Маўра, фотаздымкамі, кнігамі Якуба Коласа з дарчымі надпісамі. Унікальныя экспанаты будуць дапоўнены асноўнымі творамі народнага паэта Беларусі, уключаючы першыя творы і сучасныя перавыданні. 

Імя Янкі Маўра, класіка беларускай дзіцячай літаратуры, пісьменніка-наватара, таксама добра вядома ўсім. Яго творчасць узбагаціла дзіцячую літаратуру прыгодніцкімі і навукова-фантастычнымі творамі. Сярод самых каштоўных экспанатаў выставы – самыя першыя публікацыі: “Сын вады” (1928), “Пекла” (1929), “Палескія рабінзоны” (2-е изд., 1933), “Слёзы Тубі” (1935) і іншыя.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі нашчадкі Янкі Маўра і Якуба Коласа, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Кантактныя асобы:
Міцкевіч Марыя Міхайлаўна, унучка Янкі Маўра і Якуба Коласа – +375 17 284-14-80, +375 29 394-62-04
Панасіна Вольга, ЦНБ НАН Беларусі + 375 17 284-10-31, + 375 29 652-80-38

Все события твоего города в мобильном приложении relax.by. Найди «relax.by» в своем маркете: App Store, Google Play!   
Оставить отзыв
Этот сайт использует cookies
Понятно