- Инфолиния:
Дзень памяці. Урачыстае ўскладанне кветак да помніка Якубу Коласу на Вайсковых могілках горада Мінска
13 жніўня 2022 года ў 13.00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае ўсіх, хто мае дачыненне да вывучэння і папулярызацыі спадчыны народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, усіх прыхільнікаў яго магутнага таленту далучыцца да ўрачыстага ўскладання кветак да помніка класіку на Вайсковых могілках сталіцы.
У культуры кожнага народа ёсць свае знакавыя імёны. Імя Якуба Коласа знаёма кожнаму беларусу яшчэ з дзяцінства. Яно прыходзіць праз творы народнага паэта для дзяцей: вершаваныя казкі, апрацоўку народных беларускіх казак, праз любімы ўсімі дзецьмі верш «Савось-распуснік», дзіцячую паэму «Міхасёвы прыгоды». Пазней, чытаючы сапраўдныя сусветна прызнаныя шэдэўры паэтычнага мастацтва ― паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка», ― мы захапляемся веліччу майстэрства Коласа-паэта і Коласа-філосафа, Коласа-мысліцеля, глыбінёй яго мудрай думкі, увасобленай у мастацкім слове. У любым узросце мы знаходзім нешта асабіста для сябе ў алегарычных вобразах «Казак жыцця», якія акумулююць у сабе вопыт і мудрасць многіх пакаленняў, абагулены і ўвасоблены Якубам Коласам у яркую лаканічную форму «казкі жыцця» або прытчы.
Колас ― для ўсіх. Для ўсіх узростаў, для ўсіх сацыяльных статусаў і пасад, для кожнага чалавека. Гэтым і тлумачыцца вялікая любоў і пашана да яго беларускага народа і нязменная цікавасць да яго спадчыны. Гаворачы словамі выдатнага сучаснага пісьменніка, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Якуба Коласа Генрыха Далідовіча: «Якуб Колас ― гэта чалавек і майстра, які яшчэ пры жыцці стаў сапраўдным увасабленнем Народа і Чалавецтва».
13 жніўня, у дзень смерці Якуба Коласа, аддаць даніну павагі нацыянальнаму класіку прыйдуць беларускія паэты і пісьменнікі, вядомыя асобы Рэспублікі Беларусь, члены сям’і песняра – унукі і праўнукі, а таксама супрацоўнікі музеяў горада Мінска и наогул прыхільнікі творчасці паэта. Прагучаць вершы самога Коласа і вершы-прысвячэнні народнаму паэту.
Мерапрыемства адбудзецца на Вайсковых могілках г. Мінска 13 жніўня. Пачатак а 13-й гадзіне.
Сардэчна запрашаем прыняць удзел!