5 сакавіка 2015 года а 16-й гадзіне ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) адбудзецца творчая сустрэча з вядомымі беларускімі пісьменніцамі – Наталляй Батраковай і Тамарай Лісіцкай.
Наталля Батракова – аўтар папулярных раманаў, манументальных любоўных эпапей, якія выйшлі дзесяцітысячнымі тыражамі і знайшлі свайго чытача. Пісьменніца добра ведае і глыбока адчувае душу сучаснай жанчыны, якая марыць аб шчаслівым каханні. Менавіта таму яе гераіні сталі любіміцамі ўсёй чытаючай Беларусі, а кнігі – лідэрамі продажу ў краіне і за яе межамі. У 2014 годзе выйшла яе чарговая кніга «Экстрасистолы любви», якая змяшчае 139 вершаў, нібы столькі ж любоўных кардыяграм з тэрыторыі кахання.
Тамара Лісіцкая – тэлерэжысёр, сцэнарыст, тэле- і радыёвядучая, пісьменніца і ілюстратар. Аўтар кніг «Идиотка», «Тихий центр», «Кавалер и дамы», «Поцелуй аиста». У 2015 годзе выйшаў яе паэтычны зборнік вершаў «Богиня, или Плач домохозяйки», які будзе прэзентаваны на мерапрыемстве. Свае творы Тамара Лісіцкая таксама прысвячае жанчынам і іх лёсу. Яна вельмі добра валодае псіхалогіяй жанчын, таму так глыбока і шчыра перадае ў сваіх творах іх унутранае светаадчуванне.
Госці прэзентацыі атрымаюць унікальны шанц узяць аўтограф у самых папулярных і чытаемых сучасных пісьменніц Беларусі. Акрамя таго, пазнаёмяцца са шматлікімі выданнямі аўтарак у межах выстаўкі-прагляду, падрыхтаванай Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да творчай сустрэчы.
Уваход на мерапрыемства – цэнтральны.