5 чэрвеня а 18-ай гадзіне ў канферэнц-зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пл. Незалежнасці, 47) адбудзецца вечар памяці мастака Генадзя Хацкевіча. Сімвалічна, што падзея ладзіцца ў межах апошняй выстаўкі, у якой удзельнічаў і на адкрыцці якой прысутнічаў сам мастак.
У вечары прымуць удзел сябры і блізкія аўтара: Аляксей Хацкевіч, Юры Хацкевіч, Вольга Сазыкіна, Андрэй Плясанаў, Адам Глобус, Артур Клінаў і інш.
Падчас сустрэчы будзе паказана тэлепраграма “АРТиШОК” (рэж. Наталля Кацько) пра Генадзя Хацкевіча, а таксама фатаздымкі з архіваў сям'і і сяброў.
“Наша пакаленне было і застаецца рэвалюцыйным і кансерватыўным адначасова. Зламаць Бярлінскую сцяну і вярнуць храмы вернікам у былых атэістычных краінах, ... наладзіць выбух камунікацыйных сістэм і збудаваць лабірынтападобныя гіпермаркеты — наша дзейнасць. Мы належым да генерацыі рэвалюцыйных парадоксаў. Ген — не выключэнне, ён — зорка майго парадаксальнага пакалення”.
Адам Глобус.
“Словы пра мастака Гену Хацкевіча-Мінскага” (pARTisan. № 17).
Імя Генадзя Хацкевіча сёння легендарнае ў беларускай культуры. Гэта майстар, які не толькі пабудаваў свой індывідуальны мастацкі свет — ён стварыў свае ўласныя фізічныя законы і правілы. Сваю творчасць мастак лічыў глыбока навуковым працэсам. Яго работы будуюцца на тэхналагічных распрацоўках і навуковых адкрыццях. Сам жывапіс Генадзя Хацкевіча падобны на сусвет, які разбіваецца на фантастычныя схемы і па волі аўтара збіраецца ў выразную мастацкую структуру.
Генадзь Хацкевіч (Хацкевіч-Мінскі, Хац-Мін).
03.06.1952, г. Мінск — 25.04.2014, г. Мінск.
Вучыўся ў дзіцячай мастацкай студыі Сяргея Каткова (1962–1968), Мінскім мастацкім вучылішчы (1968–1972) у Алега Луцэвіча, Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва (1976–1982, кіраўнік дыплому — Гаўрыіл Вашчанка).
Удзельнік выставак з 1972 г.
У 1987 спрабаваў захапіць самалёт, каб патрапіць у Парыж. Жыў у Мінску, наведваў Польшчу, Англію і Францыю (перыядычна жыў там з 1990 па 1998 гг.).
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, галерэях і прыватных калекцыях нашай краіны і замежжа.