5 мая а 16-й гадзіне ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца творчая сустрэча з пісьменнікамі беларускага замежжа «У сэрцы з Радзімай».
Мерапрыемства пройдзе ў рамках ХV Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «СМІ ў Беларусі», для ўдзелу ў якой запрошаны суайчыннікі, прадстаўнікі СМІ і літаратурнай творчасці з-за мяжы.
Удзел у творчай сустрэчы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прымуць прадстаўнікі беларускай дыяспары з Украіны, Эстоніі, Грузіі, Польшчы, Латвіі. Сярод іх – старшыня праўлення таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой «Радзіма» Максім Дубёнак; намеснік старшыні культурна-асветніцкага таварыства «УЗДЫМ», паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валадзько; старшыня Саюза беларусаў Латвіі Галіна Піскунова; старшыня Данецкай абласной грамадскай арганізацыі «Культурна-асветніцкая суполка беларусаў «Нёман»; прэзідэнт Асацыяцыі беларусаў Эстоніі, галоўны рэдактар і вядучая беларускамоўнай радыёпраграмы «Бацькаўшчына» радыёстанцыі Радыё-4 дзяржаўнай эстонскай тэлерадыёкампаніі Ніна Савінава; намеснік старшыні таварыства беларусаў Грузіі «Беларускія сябры» Лідзія Шацірышвілі; саветнік, кіраўнік культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Аляксандр Карачун і інш.
У рамках правядзення творчай сустрэчы будзе арганізавана выстаўка-прагляд, на якой прадстаўлена каля 60-ці дакументаў аб гісторыі беларускага замежжа, выхадцах з беларускіх зямель, імёны якіх вядомыя як на роднай зямлі, так і ў Расіі, Украіне, Чэхіі, Велікабрытаніі і інш. Акрамя кніг па гісторыі беларускай эміграцыі будуць прадстаўлены зборнікі твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, якія працуюць за мяжой.
Падчас мерапрыемства Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі будуць перададзены ў дар кнігі паэтаў і пісьменнікаў Беласточчыны, выдадзеныя пры падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы.
Тэл. для даведак: 293-27-67
Е-mail: pr@nlb.by
Прасп. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх