26 студзеня а 17-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да святкавання 253-й гадавіны з дня нараджэння шатландскага паэта Роберта Бёрнса, якое пройдзе па ініцыятыве і пры дапамозе дабрачыннай арганізацыі “Кельцкі крыж”, Беларускага таварыства сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі “Беларусь – Ірландыя”, а таксама грамадскага аб'яднання “Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння «Сакавік»”.
Дзень нараджэння Роберта Бёрнса, які адзначаецца 25 студзеня, з'яўляецца нацыянальным святам у Шатландыі, на Радзіме творцы. У гэты дзень прыхільнікі легендарнага паэта па ўсім свеце ўздымаюць келіхі ў яго гонар. У нашай краіне паэзія Бёрнса атрымала новае жыццё. Пераклады вершаў слыннага барда на беларускую мову ў выкананні Язэпа Семяжона, Юрыя Гаўрука, Галіны Дубянецкай, Алены Таболіч далі магчымасць аматарам мастацкага слова бліжэй пазнаёміцца з багатай культурнай спадчынай Шатландыі.
Святочны вечар у гонар паэта мае назву “Вячэра Бёрнса” (Burns Supper) і традыцыйна праводзіцца згодна пэўнага сцэнарыя. У музеі Якуба Коласа традыцыя пашырана за кошт ганаравання гаспадара Дома – народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, 130-годдзе якога адзначаецца ў гэтым годзе. Аднымі з непасрэдных арганізатараў вечара выступаюць і спадкаемцы песняра – малодшы сын пісьменніка Міхаіл Міцкевіч і ўнучка паэта – Марыя Міцкевіч.
У праграме вечара – традыцыйныя прамовы ў гонар Роберта Бёрнса, жанчын, а таксама родных земляў знакамітых паэтаў – Шатландыі і Беларусі, народныя шатландскія танцы ў выкананні Мінскай школы сярэднявечнага танца BASSDANCE, аўтэнтычная музыка і спевы Шатландыі, вершы Роберта Бёрнса і Якуба Коласа. Кульмінацыяй вечара стане дэгустацыя “Хагіса” – нацыянальнай шатландскай стравы, якая была апетая Робертам Бёрнсам у яго вершы “Ода Хагісу”.
Тэлефоны для даведак: 284 05 55, 284 17 02